Вяскоўца з-пад Касцюковічаў вызвалілі па амністыі, а цяпер перадумалі. Кажуць, здаровы
Мужчына быў фігурантам аварыі, у якой загінула дзіця.
01.11.2024 / 10:51
Смяротная аварыя адбылася 2 мая 2024 года на вуліцы Ленінскай у Касцюковічах.
Кіроўца грузавіка паварочваў налева, але не заўважыў дзяцей на веласіпедах. У выніку наехаў на 12-гадовага хлопчыка. Той памёр.
Завялі крымінальную справу. Аднак кіроўца прынёс медыцынскія дакументы, што ў яго ёсць такое захворванне, з якім можна вызваліцца ад крымінальнай адказнасці.
Так і адбылося. 16 жніўня 2024 года суд Клімавіцкага раёна прымяніў у адносінах мужчыны закон аб амністыі.
Аднак не ўсё так проста — яго сітуацыяй занялася пракуратура. У выніку галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама не пацвердзіла раней выстаўлены дыягназ мужчыны. А новы дыягназ не падпадае пад амністыю. Кіроўцу ўсё ж будуць судзіць.