Швед паскардзіўся на Інтэрпал — не выдае беларусаў

Інтэрпал фактычна блакуе аб'яўленне ў міжнародны вышук «беларускіх злачынцаў». Пра гэта заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на пасяджэнні аб'яднанай калегіі Генпракуратуры Беларусі і Генпракуратуры Расіі, піша БелТА.

01.11.2024 / 13:25

Андрэй Швед. Фота: sb.by

На пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне практыкі пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства пры аб'яўленні і ажыццяўленні вышуку асоб, якія здзейснілі злачынствы.

Як адзначыў Андрэй Швед, больш за палову людзей у вышуку — гэта асобы, якія здзейснілі злачынствы «экстрэмісцкага характару» і ўхіліліся ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу. Большасць з іх пакінула краіну да завядзення крымінальнай справы і знаходзіцца за межамі Беларусі і дзяржаў СНД.

«Трэба адзначыць, што аб'яўленне іх у міжнародны вышук фактычна блакуецца Інтэрпалам. Кампетэнтныя органы заходніх дзяржаў таксама часта па надуманых падставах адмаўляюць у выдачы беларускіх злачынцаў, у тым ліку тых, хто здзейсніў нарказлачынствы, цяжкія злачынствы супраць чалавека і маёмасці. Ведаю, што і расійскія калегі сутыкаюцца з палітычна матываванымі адмовамі ў выдачы злачынцаў», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ведамства.

«Зараз па нашай ініцыятыве зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі распрацоўваецца алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння па забеспячэнні права пацярпелых па крымінальных справах на абскарджанне рашэнняў органаў Інтэрпола аб адмове ў аб'яўленні абвінавачаных у міжнародны вышук альбо аб неабгрунтаваным выдаленні звестак аб такіх асобах з інфармацыйнай сістэмы», — дадаў Андрэй Швед.

Nashaniva.com