Мінімум 10 шахедаў за ноч заходзілі ў Беларусь, тры страчаныя
Уначы з 31 кастрычніка на 1 лістапада ў Беларусь з Украіны заляцелі як мінімум 10 расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «шахед». Дроны праходзілі праз калідор Славуціч — Прыпяць, заляталі ў раёне Лоева, праляталі больш за 120 км на поўдзень Беларусі і вярталіся ва Украіну праз Оўруч, піша Беларускі Гаюн.
01.11.2024 / 14:18
Першы заход быў у 23:51 праз Славуціч у бок Камарына. Далей заходы былі ў 00:09, 00:41, 01:08, 01:17 і 01:52.
У шэрагу выпадкаў заходзіла адразу група шахедаў, у якой магло быць як 2, так і 4+ шахедаў, таму колькасць у 10 штук за ноч з'яўляецца мінімальным. Так у 01:17 група БПЛА зайшла ў Беларусь у раёне Лоева і ўзяла курс на Хойнікі і далей на Мазыр, што з імі адбылося далей — невядома.
Каля другой гадзіны ночы па шахедах працавала СПА ў Мазырскім раёне — верагодна, некалькі маглі збіць.
Два БПЛА былі лакацыйна страчаныя ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці — гэта значыць праляцелі па поўдні Беларусі як мінімум 120 км, пазней адзін з іх вылецеў ва Украіну ў раёне Оўруча ў 03:33. Усяго ж паводле звестак паветраных сіл УСУ за ноч у Беларусь паляцелі тры БПЛА.
Акрамя гэтага, у 01:40 з аэрадрома «Баранавічы» быў узняты знішчальнік, які лётаў па паўднёвым усходзе аж да 3:30 ночы.
’