Гомельскага актывіста ў Славакіі чакае суд у сувязі «з пагрозай нацыянальнай бяспецы»
01.11.2024 / 14:45
Фота: сацсеткі
Гомельскага актывіста ў Славакіі чакае суд у сувязі «з пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Дзмітрый Лукомскі, які зараз знаходзіцца ў закрытым лагеры для ўцекачоў у Славакіі, распавёў «Флагштоку» пра тое, як развіваецца ягоная сітуацыя. Зараз ён чакае суда — мяркуецца, што ён павінен адбыцца ў першай палове лістапада. На працэсе будзе разглядацца справа Дзмітрыя Лукомскага па пункце d артыкула 88 Закона аб пражыванні замежнікаў: «затрыманне асобы супрацоўнікам паліцыі, якая шукае прытулак, калі гэта неабходна ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы або грамадскаму парадку».
Гэты суд быў ініцыяваны паліцыяй пасля звароту персаналу адкрытага лагера, куды Дзмітрый трапіў першапачаткова.
Суд можа задаволіць заяву гомельца і вынесці пастанову аб адмене абмежавання свабоды, альбо вынесці рашэнне аб неабходнасці правядзення дадатковага разбору, тады Дзмітрыя будзе чакаць яшчэ адзін суд. Трэці варыянт — поўнасцю адхіліць скаргу. У такім выпадку Дзмітрыя могуць перавесці ў турму. У гэтым выпадку Дзмітрый мае намер ізноў падаць абскарджанне.
Гомелец упэўнены, што ў закрыты лагер яго змясцілі незаконна: «Я змагаўся за правы чалавека, за тое, каб да ўцекачоў ставіліся адэкватна. А мяне абылгалі і выкарысталі рэпрэсіўны механізм, ніхто не слухаў маіх тлумачэнняў».
Інтарэсы беларуса ў судзе будзе прадстаўляць юрыстка мясцовай арганізацыі, якая займаецца дапамогай уцекачам.
Дзмітрый таксама падаў заяву, каб абскардзіць дзеянні паліцыі, якая перавяла яго з адкрытага лагера (там ён чакаў рашэння аб прадастаўленні яму міжнароднай абароны) у закрыты, і просіць зняць з яго абмежавальныя меры.