Больш за 100 шахедаў зайшло ў Беларусь з ліпеня: іх колькасць расце
Сёння ноччу мы перасеклі ўмоўную мяжу ў 100 шахедаў, якія заляцелі ў Беларусь пачынаючы з 11 ліпеня.
01.11.2024 / 16:06
100-м стаў дрон, які заляцеў сёння а 00:41, а ўсяго на гэты момант з ліпеня ў паветраную прастору Беларусі зайшлі як мінімум 106 шахедаў, 1 дрон тыпу Supercam і 1 «арлан», піша Беларускі Гаюн.
За гэтыя 3,5 месяца мы штодня назіраем экспанентны рост гэтых заходаў, глядзіце самі:
- ліпень — 9 штук
- жнівень — 12
- верасень — 27
- кастрычнік — 49
І ўжо 9 штук заляцела ў лістападзе.
Акрамя гэтага, за час назірання пацверджана, што на тэрыторыі Беларусі было збіта/ўпала 6 шахедаў (і яшчэ адзін упаў у Латвіі, праляцеўшы ≈500 км праз Беларусь).
Колькасць жа тых, што былі лакацыйна страчаныя ўжо дасягнула 28 штук — гэта ў сваю чаргу значыць, што проста цяпер дзесьці ў Беларусі могуць валяцца дзясяткі дронаў, якія разбіліся.
І ёсць усе падставы меркаваць, што заходы шахедаў у паветраную прастору Беларусі будуць не толькі працягвацца, але і іх частата будзе расці.