Самы доўгі падвесны мост у Беларусі хочуць адкрыць датэрмінова

Рэканструкцыю самага доўгага падвеснага моста ў краіне плануецца завяршыць у першым квартале наступнага года, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка «Пул 4 рэгіён». Але цяпер стаіць задача паскорыць тэмпы.

01.11.2024 / 17:17

Гэты мост знаходзіцца ў горадзе Масты за 65 км ад абласнога цэнтра. Яго рэканструкцыя пачалася ў ліпені гэтага года. Тады збудаванне цалкам разабралі, а на яго месцы зладзілі пантонную пераправу.

Цяпер сталёвыя канаты, якіх доўга чакалі ў Мастах, ужо гатовыя да мантажу. Іх вага складае каля 40 тон, а агульная даўжыня — 2,5 кіламетра. У гэты момант на месцы рэканструкцыі ідзе будаўніцтва апор, на якіх будзе вісець мост: гатовыя дзве з чатырох.

Усе работы планавалася завяршыць у першым квартале 2025 года, але цяпер узялі курс на фарсіраванае завяршэнне будаўніцтва.

«Калі ўсё пойдзе, як задумана, то можа быць прагуляемся па абноўленым мосце і ў навагоднія святы», — адзначаецца ў тэлеграм-канале Караніка.

Можна меркаваць, што перанос адкрыцця моста на больш раннія тэрміны можа быць звязаны з перавыбарамі Лукашэнкі, прызначанымі на 26 студзеня 2025 года. Раней думалася, што яны пройдуць прынамсі на месяц пазней.

Раней стала вядома, што ўчастак даўжынёй 10 метраў у цэнтры новага моста будзе шкляным. Акрамя гэтага, шкляную падлогу ўпрыгожыць яшчэ і незвычайнае падсвятленне.

Андрэй Дзмітрыеў не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025

«Ніхто не ведаў, што гэта нешта прапагандысцкае». Чалавек са спорту, які супраць Лукашэнкі, зняўся ў роліку «Надо!»

Кампартыя: Наш кандыдат ідзе на выбары не замест, а разам з Лукашэнкам

«Абяцаю, што не буду захопліваць уладу неканстытуцыйным шляхам». Пра што асуджаных за палітыку папярэджваюць перад выбарамі

Nashaniva.com