Апазіцыянер Абозаў пагражае тым, хто з’явіцца на ўчасткі: Вы падтрымліваеце Лукашэнку і адкажаце за падтрымку дзяржаўнага перавароту
Кажа, што атрымае спіс выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні.
01.11.2024 / 18:53
Ініцыятыва Аб’яднаны штаб супраціву, за якой, меркавана, стаіць беларускі эмігрант Андрэй Абозаў, выступіла з радыкальнай заявай. Тэлеграм-канал з 560 падпісчыкаў рашуча папярэджвае тых, хто падумвае ўсё ж такі схадзіць на лукашэнкаўскія выбары 26 студзеня 2025 года.
«Мы лічым, што 26 студзеня 2024 года любое ваша з'яўленне нават побач з выбарчым участкам будзе азначаць, што вы з'яўляецеся прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі з перспектывай адказаць па законе за падтрымку яго дзяржаўнага перавароту. Мы будзем мець спісы выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў выбарах. Лічыце гэтую заяву Аб'яднанага Штаба Супраціву афіцыйным папярэджаннем. Час угавораў даўно скончыўся. У нас ідзе халодная грамадзянская вайна, не дай Бог, што яна стане гарачай», — гаворыцца ў звароце.
Як у дэтэктыўным рамане, прыхільнікаў ініцыятывы папярэджваюць, што «агенты спецслужбаў паспрабуюць перахапіць як гэты зварот, так і інструкцыі».
Пакуль што інструкцыя простая — не прызнавацца нікому, нават членам сям’і, што з’яўляешся ўдзельнікам супраціву, і не пакідаць лічбавых слядоў. Зрэшты, не трэба рабіць увогуле нічога. «Надыдзе час, і мы самі вас знойдзем», — шматзначна паведамляюць аўтары.
У 2000-я Андрэй Абозаў быў актывістам супольнасці беларусаў «Трэці шлях» і адным са стваральнікаў «Мультклуба» — групы, якая рабіла сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку. У 2005-м на яго завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнку, але Андрэй здолеў выехаць з Беларусі ў Эстонію.
У 2007-м ён ехаў на цягніку з Украіны дадому ў Эстонію праз Расію і быў затрыманы. Пры заступніцтве свайго знаёмага, расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, выехаў у Эстонію. З таго часу жыве там. Сярод праектаў, у якіх ён удзельнічаў з 2020-га — стрымы Валерыя Цапкалы і Беларускі народны трыбунал.
Лявончыку закідаюць, што яго цесць працуе на Лукашэнку. Лявончык: Мы не камунікуем шмат гадоў
«Байпол» выклаў сваю версію расколу арганізацыі: спецслужбы, «штаб супраціву», Балкунец і Цапкала
Андрэй Дзмітрыеў не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025
Кампартыя: Наш кандыдат ідзе на выбары не замест, а разам з Лукашэнкам