«Мякка кажучы, ніякай капітуляцыяй не пахне». Z-ваенкар засцярог расіян ад ваеннай эйфарыі
Аўтар тэлеграм-канала «Военкор Котенок» напісаў пост, у якім абураецца «неадэкватнай ацэнкай ваеннай сітуацыі з боку грамадства і СМІ». Маўляў, цяпер і расійскія высокія вайскоўцы, і прапагандысты ўсімі сіламі раздзьмуваюць ваенныя поспехі расійскай арміі на ўкраінскім фронце, плодзяць шапказакідальніцкія настроі, між тым як рэальнае становішча Украіны хоць і складанае, але не крытычнае.
01.11.2024 / 21:14
Украінскі вайсковец пад Часавым Ярам на Данбасе. Фота: Oleg Petrasiuk/Ukrainian 24th Mechanised Brigade via AP
Ваенкара абураюць сцвярджэнні, што
«1) фронт УСУ пасыпаўся; 2) пастаўкі ўзбраення, тэхнікі і боепрыпасаў Захадам набліжаюцца да канца па шэрагу прычын; 3) праз месяц-другі ваяваць праціўніку будзе ўвогуле нікім і нічым, і ідзе капітуляцыя; 4) іншых ужо раздзіраюць сумневы, ці аддаваць Львоў палякам і г. д.»
Між тым рэальная сітуацыя, паводле яго слоў, моцна адрозніваецца ад той, якая ўяўляецца: «Абарона праціўніка не рассыпалася, не знікла, не прагнулася. Праціўнік адступае на захад ад Данецка, на шэрагу ўчасткаў на тоненькага, але трымаецца».
Што да паставак замежнай зброі для УСУ, то яны «перайначыліся, але працягваюцца і будуць працягнутыя».
Не верыць «Военкор Котенок» і ў тое, што ва ўкраінцаў ужо няма ніякіх рэзерваў, хоць і прызнае, што яны не «цыклапічныя».
Агульная выснова:
Мякка кажучы, ніякай капітуляцыяй не пахне. УСУ яшчэ ўтрымліваюць плацдармы ў Курскай вобласці РФ, перыядычна спрабуючы прасунуцца ўглыб расійскай тэрыторыі. Нягледзячы на істотныя страты, праціўнік імкнецца захаваць лагістыку на гэтым кірунку, забяспечваючы папаўненне (ратацыю) і кампенсуючы змяншэнне асабовага складу».
Адмыслова ваенкар звяртае ўвагу на тое, што расійскаму боку поспехі даюцца вялікай цаной:
«Страты вельмі вялікія, як пад Курскам, так і пад Данецкам. Праціўнік перакідае падмацаванні, імкнучыся не дапусціць абвалу фронту. Праціўнік па-ранейшаму спрабуе ўжываць ракетнае ўзбраенне ў нашым аператыўным і тактычным тыле, працуючы па пунктах часовай дыслакацыі часцей і злучэнняў УС РФ».
На расійскага ваеннага блогера «Трынаццатага» завялі крымінальную справу
Украінскія зенітныя дроны сталі таннай і эфектыўнай заменай артылерыі. У чым іх перавагі?
У Расіі вайсковыя вучылішчы не могуць набраць курсы. Няма ахвотных