Упершыню ўлады амерыканскага штата забаранілі вакцынацыю ад COVID-19 у органах аховы здароўя
Забарона на вакцынацыю ў шасці акругах Айдаха стала першым такім прэцэдэнтам у ЗША.
02.11.2024 / 11:18
Ілюстрацыйнае фота
Рэгіянальны дэпартамент аховы здароўя ў Айдаха больш не будзе прапаноўваць вакцынацыю ад COVID-19 жыхарам шасці акругаў штата. Адпаведнае рашэнне было прынята саветам па ахове здароўя Паўднёва-Заходняга раёна Айдаха (4 галасы «за», 3 «супраць»), паведамляе Голас Амерыкі.
Паўднёва-Заходні раён штата стане першай тэрыторыяй ЗША, дзе будзе забароненая вакцынацыя ад COVID-19.
Хоць у Тэхасе ўлады забаранілі дэпартаментам аховы здароўя прасоўваць вакцыну ад COVID-19, а галоўны доктар Фларыды, насуперак медыцынскаму кансэнсусу, рэкамендаваў адмовіцца ад вакцынацыі, органы ўлады раней не блакавалі вакцынацыю цалкам.
Патрэба ў вакцыне ў шасці акругах Айдаха, на якія распаўсюджваецца гэтае рашэнне, сапраўды знізілася: калі ў 2021 годзе вакцыну атрымалі 1601 чалавек, то ў 2024 годзе — толькі 64 чалавекі. Сітуацыя аналагічная і для іншых вакцын: у Айдаха самы высокі ў краіне працэнт адмоў ад прышчэпак сярод дзяцей.
Рашэнне савета было прынята нягледзячы на заклікі медыцынскага дырэктара Паўднёва-Заходняга раёна доктара Пэры Янсэна захаваць магчымасць вакцынацыі.
«Гэта не сляпы падыход, калі ўсе павінны атрымліваць прышчэпку. Гэта абдуманы падыход», — сказаў ён, падкрэсліваючы неабходнасць узважваць рызыкі і перавагі.
Яго аргументам супрацьстаялі больш за 290 публічных каментароў. Многія каментатары патрабавалі спыніць абавязковую вакцынацыю або фінансаванне вакцын за кошт падаткаплацельшчыкаў — пры тым, што ні таго, ні другога ў гэтым раёне няма.