Беларусы збіраюцца на матч «Легіі» з мінскім «Дынама» ў Варшаве

«Бярыце як мага больш сцягоў і атрыбутыкі НАШЫХ колераў», — заклікаў канал фанатаў «Дынама».

07.11.2024 / 14:14

Беларусы на матчы Сан-Марына з Беларуссю ў 2018 годзе. Ілюстрацыйны здымак

7 лістапада ў Варшаве адбудзецца футбольны матч Лігі канферэнцый паміж тамтэйшай «Легіяй» і мінскім «Дынама».

Сустрэчы з энтузіязмам чакаюць беларускія фанаты. 

«Гэты матч — найлепшая магчымасць нагадаць свету пра тое, што адбываецца з Беларуссю, у Беларусі. У звязку з гэтым аб'яўляецца агульны збор на гульню! — напісаў канал фанатаў «Дынама» «Zrobleny ū Miensku». 

Фаны беларускага клуба заклікаюць: «Купляйце квіткі на стадыён (на кожны сектар, на кожныя месцы), бярыце як мага больш сцягоў і атрыбутыкі НАШЫХ колераў». Яны таксама просяць тых, каму гэта істотна, не забываць аб прыватнасці, браць «каптуры, цёмныя акуляры, маскі/шалі і г.д.)».

«Там добры стадыён на 40 тысяч гледачоў, шмат балельшчыкаў, атмасфера. Нам галоўнае — паказаць добры футбол. На астатняе мы не будзем зважаць. Мне здаецца, усё пройдзе добра», — сказаў гулец мінскага «Дынама» Мікіта Дземчанка ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 5».

«Дынама» ідзе на першым месцы чэмпіянату Беларусі. 

Лукашэнкаўцы канчаткова забаранілі нацыянальную сімволіку ўнутры Рэспублікі Беларусь пасля таго, як пад ёю ў 2020-м прайшлі масавыя пратэсты супраць дыктатуры. 

Пасля гэтага матчы беларускіх камандаў за мяжою ператварыліся ў месцы збору беларусаў са сваімі сцягамі.

Сяргей Гезгала