Масква паказала амерыканца, які шпіёніў ва Украіне ў інтарэсах расійскай арміі
У выходныя расійскія ўлады паказалі грамадзяніна ЗША, якога на мінулым тыдні вывезлі з Украіны пасля двух гадоў шпіянажу ў інтарэсах Масквы. Ім аказаўся 33-гадовы Дэніэл Марціндэйл. Ён з'явіўся на прэс-канферэнцыі ў Маскве і даў інтэрв'ю RT. З ягоных заяваў вынікала, што да пераезду ва Украіну ён жыў у Польшчы і хацеў перабрацца ў Расію. Аднак, як сведчыць аналіз «Агенцтва», мужчына жыў і ў Расіі.
04.11.2024 / 14:09
Як распавёў Марціндэйл на прэс-канферэнцыі 2 лістапада, да вайны ва Украіне ён жыў у Польшчы, дзе быў місіянерам.
Мужчына сказаў, што «даўно хацеў у Расію» і пасля пачатку вайны зразумеў, «што гэта той самы момант».
У лютым 2022-га ён прыбыў ва Украіну, праз Краматорск дабраўся да неназванай вёскі і адтуль праз тэлеграм-бота падраздзялення «тэрабароны ДНР» перадаваў расейцам каардынаты аб'ектаў УСУ, распавёў амерыканец.
У інтэрв'ю RT Марціндэйл расказаў, што да яго ва Украіне ставіліся з падазрэннем, бо ён казаў слова «паляніца» з рускім акцэнтам. «Да таго як я зразумеў, у чым справа, я прамаўляў яго так, як прамаўляюць рускія», — дадаў амерыканец.
Марціндэйл не распавёў расійскім СМІ нічога пра свае сувязі з Расіяй. Аднак, мяркуючы з ягоных сацсетак, ён бываў ці нават жыў там як мінімум з 2016 да 2019 года.
У 2016-м ён завёў профіль ва «ВКонтакте» і апублікаваў першае фота з геаметкай з пасёлка Трудавое Прыморскага краю. У 2017-м чалавек пад імем і з фота Марціндэйла публікаваў фота з Хабараўска на сэрвісе 2гис.ру.
Ужо ў верасні 2018 года Марціндэйл апынуўся ва Уладзівастоку, дзе ўдзельнічаў у марафоне «Масты Уладзівастока». У лютым 2019-га амерыканец апублікаваў фота пропуску ў інтэрнат Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта, дзе ён, мяркуючы з дакумента, быў слухачом цэнтра расійскай мовы і культуры. У ліпені 2019-га ён напісаў, што паспяхова прайшоў тэставанне па рускай мове, а ў верасні апублікаваў і сертыфікат аб праходжанні тэставання ў Маскоўскім інстытуце рускай мовы ім. А.С. Пушкіна.
У кастрычніку 2019 года ён апынуўся спачатку ва Украіне, а з красавіка 2020-га рэгулярна публікаваў здымкі з Польшчы, дзе, верагодна, займаўся сельскай гаспадаркай. У яго профілі ва «ВКонтакте» да гэтага часу месцам жыхарства пазначана польскае сяло Паловіца.
Нямецкае выданне t-online пісала, што пасля пераезду Марціндэйла ва Украіну ў 2022 годзе з ім размаўлялі нямецкія валанцёры. Амерыканца сустракалі ў Селідаве і пад Вуглядарам Данецкай вобласці. Са слоў валанцёраў, амерыканец дапамагаў разгружаць і размяркоўваць гуманітарную дапамогу, меў шмат зносін з вайсковай адміністрацыяй. Суразмоўцы t-online адзначылі, што ў дачыненні да амерыканца ўзнікалі падазрэнні. У прыватнасці, дзіўным здавалася тое, што ён неаднаразова знікаў ненадоўга, у тым ліку падчас прыезду ў рэгіён валанцёраў з ЗША.
На мінулым тыдні Штаб абароны «ДНР» паведаміў, што расійскія вайскоўцы і прадстаўнікі спецслужбаў эвакуіравалі з зоны баявых дзеянняў пад Вуглядарам амерыканца, які забяспечваў расійскі бок разведданымі. З паведамлення вынікала, што мужчына «адыграў ключавую ролю ў падрыхтоўцы штурму вёскі Багаяўленка на вуглядарскім кірунку».