Расійскі знішчальнік пятага пакалення Су-57 высмеялі ў кітайскіх сацсетках
Самы сучасны знішчальнік ВКС Расіі Су-57 (па класіфікацыі НАТА — Felon) у панядзелак прыбыў у Кітай напярэдадні 15-й Кітайскай міжнароднай авіяцыйна-касмічнай выставы. Замест таго, каб стаць зоркай выставы, знішчальнік ужо трапіў пад крытыку і кпіны ў кітайскіх сацыяльных сетках.
06.11.2024 / 11:02
Расійскі знішчальнік «Стэлс» Су-57 прыбыў на 15-ю Кітайскую міжнародную авіяцыйна-касмічную выставу. Фота: VCG/VCG via Getty Images
Як піша Forbes, самы сучасны знішчальнік Ваенна-касмічных сіл Расіі Су-57 (па класіфікацыі НАТА — Felon) у панядзелак прыбыў у Кітай для ўдзелу ў 15-й Кітайскай міжнароднай авіяцыйна-касмічнай выставе. Яна пачнецца 12 лістапада ў горадзе Чжухай правінцыі Гуандун.
Су-57 будзе ўпершыню прадстаўлены на авіясалоне, які праходзіць раз у два гады і стаў найбуйнейшай кітайскай міжнароднай выставай, што ў апошнія гады выкарыстоўваецца для дэманстрацыі вялікага прарыву Пекіна ў галіне ваеннай авіяцыі.
Плануецца, што Су-57, які Крэмль рэкламуе як самы сучасны «стэлс-знішчальнік пятага пакалення», што знаходзіцца сёння на ўзбраенні, зробіць дэманстратыўныя палёты, а другі экзэмпляр будзе выстаўлены ў якасці статычнай экспазіцыі.
Як заўважае аўтар артыкула, замест таго, каб стаць зоркай выставы, знішчальнік расійскай вытворчасці ўжо трапіў пад крытыку і кпіны ў кітайскіх сацыяльных сетках. Выстава яшчэ нават не пачалася, а фатаграфіі самалёта ўжо шырока распаўсюдзіліся ў TikTok і іншых сацыяльных сетках.
Карыстальнікі хутка правялі параўнанні паміж Су-57 і кітайскім знішчальнікам пятага пакалення Chengdu J-20 Mighty Dragon. І яны не на карысць расійскаму.
Магчыма, заўважае аўтар, збольшага гэта звязана з тым, што Крэмль вырашыў адправіць прататып Су-57, а не серыйную мадэль. Але аматары авіяцыі хутка ўказалі на шматлікія праблемы з дызайнам і іншыя відавочныя недахопы. Да іх адносяцца шматлікія балты на фюзеляжы і дрэнна вывераныя секцыі.
Аўтар лічыць, што Расія не змагла ўтрымаць гледачоў на бяспечнай адлегласці ад самалёта, дазволіўшы ім запісваць тое, што адбываецца, і дзяліцца відэа ў сацыяльных сетках. Такім чынам Крэмль выпусціў магчымасць кантраляваць падачу інфармацыі, хаця мог бы дзейнічаць на апярэджанне, выпусціўшы адрэдагаваны відэаролік з выгаднымі момантамі (так званы «sizzle reel»), каб сфарміраваць патрэбнае ўспрыманне.
Замест гэтага Расія пакінула сітуацыю адкрытай для крытыкі, даўшы карыстальнікам сацыяльных сетак у Кітаі лёгкую нагоду для абмеркаванняў і нападак.
«Кітайскія сацыяльныя сеткі вельмі кітаецэнтрычныя. Краіна зараз распрацоўвае айчынныя знішчальнікі, якія, на думку грамадства, лепшыя за расійскія», — растлумачыў выданню аналітык тэхналагічнай галіны і сацыяльных сетак Роджэр Энтнер (Roger Entner) з Recon Analytics.
Цяпер, адзначаецца ў артыкуле, Расіі можа быць складана зацікавіць кітайскую аўдыторыю або знайсці замежных пакупнікоў, што, па сутнасці, і было галоўнай мэтай удзелу ў авіяшоу. Больш за тое, кадры, якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце, маглі незнарок паказаць слабыя бакі самалёта, адкрыўшы свету недахопы, якія Расія не хацела б афішаваць.
Украінцы ўпершыню ударылі па найноўшым Су-57 — ГУР
У Ахтубінску пацярпелі два найноўшыя самалёты Су-57
У Кітаі пачалі будаваць першы ў свеце завод лятучых аўтамабіляў