На Магілёўшчыне майстар ударыў падначаленага за нядбайнае стаўленне да інструмента — і атрымаў рэальны тэрмін
Чыгуначнік перавысіў службовыя паўнамоцтвы.
05.11.2024 / 14:30
Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура
Справу дарожнага майстра Магілёўскага аддзялення Белчыгункі разглядаў суд Асіповіцкага раёна. Мужчына працаваў на Бабруйскай дыстанцыі.
У адзін з дзён ён зрабіў свайму падначаленаму заўвагу за нядбайнае стаўленне да працоўнага інструменту. Аднак работнік да слоў начальніка не прыслухаўся. Тады майстар ударыў падначаленага рукой па галаве.
Работнік атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце працяглага расстройства здароўя на тэрмін не больш за чатыры месяцы, паведамілі ў судзе.
Майстар віну не прызнаў. Яго асудзілі па артыкуле аб перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, звязаным з гвалтам.
Майстар атрымаў 3 калоніі ўзмоцненага рэжыму, яму забаранілі займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў.
Таксама з яго спагналі 35,63 рубля маёмаснай шкоды, 5000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 5120 рублёў судовых выдаткаў.