У сербскім Нові-Cадзе тысячы дэманстрантаў патрабавалі адстаўкі ўладаў краіны ВІДЭА

Жыхары выйшлі на пратэст пасля трагедыі на гарадскім вакзале, дзе абрынуўся дах, у выніку чаго загінулі 14 чалавек

06.11.2024 / 00:43

Скрыншот відэа

Тысячы чалавек сабраліся каля мэрыі Нові-Сада ў Сербіі. Гэта рэакцыя на трагедыю, якая адбылася 1 лістапада: у выніку абрушэння бетоннага навесу на чыгуначным вакзале загінулі 14 чалавек.

Пратэстоўцы абвінавачваюць урад краіны і ўлады горада ў карупцыі. Яны патрабуюць адстаўкі мэра горада Мілана Джурыча і прэм'ер-міністра Сербіі Мілаша Вучэвіча, а таксама пакарання людзей, якія адказвалі за рэканструкцыю вакзала.

У пэўны момант людзі паспрабавалі прарвацца ў мэрыю, пачаліся сутычкі з паліцыяй, сілавікі ўжылі слезацечны газ. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што пратэстоўцаў жорстка затрымліваюць, у тым ліку людзі ў цывільным.

Увечары ў Нові-Сад прыбыў прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч. Прыблізна а 22-й гадзіне па мясцовым часе (0.00 па Мінску) людзі пачалі разыходзіцца. Паліцэйскія затрымліваюць людзей у кварталах побач з мэрыяй.

Nashaniva.com