Беспілотнік упершыню атакаваў тэрыторыю Дагестана

Жыхары Каспійска і мясцовыя тэлеграм-каналы паведамілі аб выбухах і гуках, падобных на стрэлы, раніцай 6 лістапада. Кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў пазней заявіў аб знішчэнні над горадам беспілотніка.

06.11.2024 / 09:34

Беспілотнік упершыню з пачатку вайны атакаваў тэрыторыю Дагестана. Mash і Shot пішуць, што гаворка ідзе аб звышлёгкім украінскім самалёце-дроне А-22 «Лятучая лісіца».

Ад Каспійска да бліжэйшых гарадоў Украіны — больш за тысячу кіламетраў.

Інфармацыю пра атаку БПЛА на Каспійск пацвердзіў кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў — ён напісаў, што дрон удалося збіць. Інфармацыі пра параненых няма. Чыноўнік папрасіў жыхароў «захоўваць спакой, давяраць толькі правераным крыніцам», а таксама не выкладваць відэа атакі ў інтэрнэт.

Аэрапорт Махачкалы на нявызначаны час прыпыніў працу ў сувязі з дронам.

Nashaniva.com