Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?

Які можа быць план Трампа для Украіны і да чаго ён прывядзе.

06.11.2024 / 19:29

Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп падчас апошняй сустрэчы. Фота: Alex Kent/Getty Images

Абвяшчаючы пра сваю перамогу, Дональд Трамп заявіў, што «не збіраецца развязваць войны, а мае намер іх спыніць». Якое ў гэтым кантэксце яго бачанне завяршэння канфлікту ва Украіне? Паспрабуем разабрацца на падставе ранейшых выказванняў палітыка.

Пра тое, што ён збіраецца неадкладна спыніць вайну ва Украіне, як стане прэзідэнтам, Трамп заявіў у сакавіку 2023 года, выступаючы на мітынгу ў Тэхасе.

«Калі я стану прэзідэнтам, то даб'юся гэтага за 24 гадзіны», — запэўніў палітык, але не расказаў, як ён гэта зробіць.

Праз паўтара года пасля таго, у верасні 2024-га, Трамп заявіў, што зможа спыніць вайну яшчэ да таго, як афіцыйна заступіць на пасаду: «Калі мы пераможам, я веру, што змагу ўрэгуляваць гэтую вайну яшчэ ў статусе абранага прэзідэнта, да таго, як заступлю на пасаду», — сказаў Трамп падчас выступлення ў Эканамічным клубе ў Нью-Ёрку. Але зноў не адказаў, як ён гэта зробіць.

Як Трамп плануе скончыць вайну

Прыкладны адказ на гэтае пытанне палітык даў падчас перадвыбарчых дэбатаў з Камалай Харыс. Ён сказаў, што пагаворыць з прэзідэнтамі Расіі і Украіны і звядзе іх разам. Трамп запэўніў, што ведае, як весці перамовы з Пуціным.

Да гэтага ён не раз згадваў, што ў час свайго прэзідэнцтва меў вельмі добрыя адносіны з Пуціным. Пры гэтым стрымліваў яго ад канфлікту з Украінай.

«Мы з Пуціным вельмі добра ладзілі. Нам ніколі не пагражала вайна. Ён бы ніколі не ўлез ва Украіну. Я сказаў: «Не ўлазь ва Украіну», — цытуе Трампа Bloomberg. 

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сустракаецца з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у першы дзень саміта G20 у японскай Осацы. 28 чэрвеня 2019 года. Фота: Kremlin Press Office / Handout/Anadolu Agency/Getty Images

Пры канцы кастрычніка ў інтэрв'ю The Wall Street Journal Трамп заявіў, што пагражаў Пуціну ўдарам па Маскве, «проста па тваіх прыгожых купалах», калі той палезе ва Украіну. 

Пра тое, што ў выніку перамогі на выбарах ён зможа хутка вырашыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай, Трамп заявіў і ў час сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у верасні гэтага года ў Нью-Ёрку. Ён сцвярджаў, што гэтага хочуць як украінскі, так і расійскі лідары.

«Калі я выйграю, мы атрымаем вельмі справядлівы вынік. Сапраўды вельмі хуткую здзелку», — запэўніваў Трамп.

Што з акупаванымі тэрыторыямі Украіны?

Калі перад сустрэчай з Зяленскім у Трампа спыталі, ці пагодзіцца Кіеў на перадачу тэрыторый Маскве, ён адказаў «пабачым, як будуць развівацца падзеі». 

Выданне The Washington Post у красавіку гэтага года пісала, што адказ на гэтае пытанне Трамп даваў у прыватных размовах. Так ён гаварыў, што можа націснуць на Украіну і прымусіць яе адрачыся часткі сваіх зямель.

Джэйм Вэнс, будучы віцэ-прэзідэнт, месяц таму расказаў, якім ён бачыць мірны план:

«Трамп сядае і кажа расейцам, украінцам і еўрапейцам: «Вы, хлопцы, павінны вызначыць, як выглядае мірнае ўрэгуляванне». І, імаверна, яно будзе выглядаць прыкладна так, як цяперашняя лінія размежавання паміж Расіяй і Украінай. Гэта стане як дэмілітарызаваная зона. Там паўстануць надзейныя ўмацаванні».

Па словах Вэнса, Расія атрымае гарантыі нейтральнага статусу Украіны па-за НАТА, а Украіна — гарантыю суверэнітэту.

Падобны статус ад 1945 да 1991 гадоў мела Фінляндыя. Яна мела абсалютны суверэнітэт і была нацыянальнай дзяржавай, але пры гэтым трымалася абсалютнай нейтральнасці ў міжнароднай палітыцы. Настолькі, што пасля ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан не галасавала за рэзалюцыю ААН з асуджэннем гэтага кроку.

Нагадаем, што Фінляндыя перад гэтым страціла Карэлію і Выбарг, адціснутыя Савецкім Саюзам у вайне 1939—1940 гадоў. Аднак Сталін не наважыўся паглынуць гэтую краіну, як паглынуў краіны Балтыі, да прыкладу, пасля таго як сутыкнуўся з мужным супрацівам фінскай арміі.

Калі такая «фінляндызацыя» статусу Украіны будзе спалучацца з умацаваннем яе абароназдольнасці і інтэграцыяй яе ў Еўрапейскі саюз, гэта, напэўна, магло б гарантаваць яе мір і развіццё на бліжэйшы час. А моцная Украіна выгадная і Беларусі для балансу сваіх эканамічных і палітычных сувязяў.

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Уладзімір Зяленскі павіншаваў Дональда Трампа 

Трамп: ЗША павінны выйсці з вайны ва Украіне

Трамп: Украіны больш няма

Антось Жупран