Камуніст Сыранкоў усімі сіламі даказвае сваю фіктыўнасць: пахваліўся, што паставіў подпіс за Лукашэнку

Кампартыя, якая нібыта выставіла свайго прэтэндэнта, працягвае агітаваць за іншага кандыдата.

07.11.2024 / 15:04

Сяргей Сыранкоў пакідае подпіс за Лукашэнку. Фота: КПБ

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Кампартыі Сяргей Сыранкоў вырашыў уключыцца ў агітацыю за свайго нібы суперніка — Аляксандра Лукашэнку.

Сёння ў Беларусі пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў. Кожнай з сямі ініцыятыўных груп трэба за месяц сабраць 100 тысяч подпісаў.

Камуністы вылучылі свайго прэтэндэнта Сяргея Сыранкова, але ён усімі сіламі імкнецца паказаць, што змагацца за пасаду не мае намеру. У сацсетках Кампартыі Сыранкоў пахваліўся, што пасля мітынгу з нагоды 7 лістапада перш за ўсё паставіў подпіс за Лукашэнку на пікеце ў ГЦ «Сталіца». 

«Перш за ўсё на пікет да першага», — гаворыцца ў паведамленні КПБ.

Нагадаем, пасля падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы камуністы заявілі, што ідуць на выбары «не замест, а разам з Лукашэнкам». І паабяцалі агітаваць супраць лібералізацыі ў Беларусі.

Да збору подпісаў дапусцілі, акрамя Лукашэнкі, шэсць прэтэндэнтаў. Усе яны дэкларуюць сваю поўную падтрымку Лукашэнку.

Nashaniva.com