Пад Мазыром п'янага кіроўцу спынялі стрэламі

Спачатку работнікі ДАІ падалі сігнал аб спыненні «Форду», аднак кіроўца праігнараваў патрабаванне і наадварот паскорыўся. Пачаўся пераслед, паведамляе прэс-служба МУС.

08.11.2024 / 13:45

Кіроўца вёў аўтамабіль агрэсіўна, ствараючы рэальную пагрозу ўдзельнікам дарожнага руху. Выехаўшы за межы Мазыра, інспектары прынялі рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі.

Пасля неаднаразовых папярэджанняў міліцыянт зрабіў стрэл у паветра, а затым — прыцэльны па колах, аўто спынілася. За рулём аказаўся 32-гадовы мясцовы жыхар з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап'янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,9 праміле алкаголю

Складзена дзевяць адміністрацыйных матэрыялаў. Мужчына арыштаваны, аштрафаваны на 200 базавых велічынь (8 тысяч рублёў) з пазбаўленнем права кіравання ўсімі відамі транспарту тэрмінам на 5 гадоў.

Аўтамабіль канфіскаваны і змешчаны на ахоўную стаянку.

Nashaniva.com