Ліквідавана Пінская каталіцкая духоўная семінарыя
Выказвалася меркаванне, што семінарыя не перажыве перарэгістрацыю рэлігійных арганізацый у Беларусі.
08.11.2024 / 15:42
Фота: Wikimedia Commons
Вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску прыпыніла сваю дзейнасць. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася, аднак гэта было вядома ў колах духавенства. Цяпер з'явілася пацверджанне: у публікацыі Catholic.by аб рэкалекцыях для біскупаў пінская семінарыя, у якой прайшлі духоўныя практыкаванні, названа «былой», заўважыў katolik.life.
Таксама на сайце Пінскай дыяцэзіі пазначана, што ў 2024 годзе семінарыя прыпыніла дзейнасць.
Верагодна, гэта стала першым сур'ёзным вынікам працэсу па перарэгістрацыі рэлігійных аб'яднанняў, арганізаваным беларускай дзяржавай. Раней некаторыя святары выказвалі меркаванне, што семінарыя «не перажыве» перарэгістрацыю. Паводле заканадаўства, арганізацыі, якія не могуць прайсці перарэгістрацыю, павінны быць ліквідаваныя.
У апошні час набор студэнтаў у пінскую семінарыю не праводзілі, а яе памяшканні выкарыстоўвалі для правядзення рэкалекцый ды іншых сустрэч.
Глабальнай прычынай, якая прывяла да прыпынення дзейнасці семінарыі, магла быць невялікая колькасць жадаючых стаць каталіцкімі святарамі. Хаця сёлета абітурыентаў было значна больш, чым у папярэднія гады.
Рэформу падрыхтоўкі да святарства ў Беларусі абвясцілі ў 2018 года, калі пінская семінарыя страціла статус міждыяцэзіяльнай.
Такім чынам, цяпер у Беларусі засталася адна каталіцкая семінарыя — Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне.
Пінскую семінарыю заснаваў у 1925 годзе біскуп Зыгмунт Лазінскі. Яна дзейнічала да 1939 года. Пасля падзення СССР адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі адбылося ў 2001 годзе, дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтака.