«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА
Не паспелі беларусы адысці ад флэшмобу «Надо!», як раптоўна пачалася новая ідэалагічная акцыя.
08.11.2024 / 18:44
Скрыншот відэа Мінабароны
Ідэолагі вырашылі зрабіць з Таццяны, якая прыйшла на матч у Варшаве ў чырвона-зялёным, новую зорку прапаганды. Для гэтага запусцілі цэлы флэшмоб. Або нават два.
Усё пачалося са стандартных пастоў у праўладных тэлеграм-каналах. Дарэчы, прапагандысцкія каналы распаўсюджвалі ўрыўкі з відэа Аляксандра Івуліна, блог якога самі ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У тым самым урыўку можна заўважыць бел-чырвона-белы сцяг — што ў сучаснай Беларусі звычайна лічыцца незаконным пікетаваннем.
Адразу два пасты Таццяне прысвяціў Рыгор Азаронак: прапагандыст заявіў, што яна падняла дзяржаўны сцяг «у шыпячым логаве змей, у коле ворагаў, у асінавым гняздзе» (арфаграфія захавана — НН).
Мінскае «Дынама» запісала цэлае відэа з падзякай адзінай заўзятарцы. А на канале Міністэрства спорту і турызму ў пасце пра Таццяну, якую называюць «сапраўдным патрыётам», з’явіўся хэштэг #другогофлаганамненадо.
Яшчэ далей пайшло Міністэрства абароны. На канале ведамства з’явілася відэа з Таццянай, якое заканчвалася ўжо флэшмобам. У роліку вайскоўцы 11-й асобнай механізаванай брыгады выстраіліся з чырвона-зялёнымі сцягамі і праскандавалі:
«Таня, мы разам з табой. Уся Беларусь за цябе».
Пад відэа разам з першым хэштэгам з’явіўся і новы: #ТаняЗа_Беларусь_а_Мы_сНей. Ролікі мінскага «Дынама» і Міністэрства абароны ўжо перапосцілі многія праўладныя каналы. Улічваючы апошнія тэндэнцыі, новы флэшмоб можа стаць даволі маштабным.
«Наша Ніва» раней пісала, што яркая заўзятарка, якая прыйшла на матч у Варшаве з чырвона-зялёным сцягам — 33-гадовая Таццяна родам з Бярозы.
«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным
Мінскае «Дынама» гуляе ў Варшаве. На трыбунах — БЧБ-сцягі і палітычныя банеры ШМАТ ФОТА
Хто тая жанчына, што прыйшла на матч «Дынама-Мінск» у Варшаве з чырвона-зялёным сцягам