БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся

8.11.2024 / 20:21

Nashaniva.com

Вядомы нямецкі акцёр і рэжысёр даў у Мінску прэс-канферэнцыю.

Тыль Швайгер. Фота: БелТА

Швайгер прыехаў у Беларусь для здымак рэкламнага роліка пра дрыфт. Акцёр наведаў нашу краіну ўпершыню.

«Мне было цікава прыехаць у Беларусь — у Расіі быў разоў дзесяць, а ў вас — ні разу, — таму што водгукі чуў толькі самыя лепшыя», — расказаў Швайгер.

Акцёр заявіў, што перад паездкай у Беларусь шукаў у інтэрнэце інфармацыю пра плошчу нашай краіны і колькасць насельніцтва. Прагуляцца па знакавых славутасцях Мінска ён не паспеў з-за насычанага графіку. Але ён пакаштаваў беларускую кухню — яна яму спадабалася.

Акрамя таго, ён звярнуўся па дапамогу да беларускага доктара для прызначэння вітамінаў — пасля гэтага Швайгер «як нанова нарадзіўся», піша БелТА.

Рэжысёр таксама расказаў, які фільм мог бы зняць пра Беларусь.

«Гэта абсалютна дакладна быў бы экшн. Паводле сюжэта — помста галоўнага героя за забітую жонку», — патлумачыў Швайгер. У такой задуме нехта можа пабачыць і адсылкі да сённяшняй палітычнай сітуацыі і лёсу тысячаў палітзняволеных.

Ён дадаў, што плануе яшчэ калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь. 

Тыль Швайгер вядомы па ролях у фільмах «Дастукацца да нябёсаў», «Бясслаўныя вырадкі», «Красунчык» і многіх іншых.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула