«Гумару я не губляю. Гэта магчымасць рабіць лепшымі дні або хвіліны для кагосьці». Гутарка з Аленай Зуй-Вайцяхоўскай

У Варшаве паказваюць тэатральны праект, створаны польскімі, беларускімі і ўкраінскімі жанчынамі і прысвечаны расійскай агрэсіі ва Украіне. Пра ўражанні гледачоў і свой досвед вайны Deutsche Welle распавяла Алена Зуй-Вайцяхоўская.

09.11.2024 / 09:13

Алена Зуй-Вайцяхоўская. Фото: Irina Ignatjuk/DW

Беларуская спявачка і акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская, вядомая многім дзякуючы песні «Шчучыншчына», з'ехала з Беларусі спачатку ва Украіну, а праз паўгода вымушаная была бегчы з Украіны ў Польшчу. У інтэрв'ю DW яна распавяла пра досвед вымушанай эміграцыі і свае новыя праекты: сатырычны серыял пра жонак мабілізаваных расіян, электронны альбом беларускіх песень, прэм’ера якога адбылася 1 лістапада, і антываенны жаночы перформанс у Польшчы.

«Гумар быў адказам на тое, што адбываецца»

DW: Калі дзякуючы «Шчучыншчыне» прыйшла твая папулярнасць, былі розныя каментары, у тым ліку ад тых, хто не зразумеў, што гэта гумар. Табе не было шкада, што цябе прынялі не ў тыя шэрагі?

Алена Зуй-Вайцяхоўская: Не, гэта было класна, гэта падкрэслівала тое, што гэта ўсё мае сэнс, што людзі насамрэч жывуць у нейкай рэальнасці, дзе яны згубіліся, дзе не разумеюць, што да чаго, успрымаюць за чыстую манету. Што гэты нонсэнс, гратэск стаў настолькі нармальным у Беларусі, што ўжо няма чаму здзіўляцца. Для мяне асабіста гэта азначала толькі тое, што роля атрымалася. 

- Апроч «Шчучыншчыны», была яшчэ песня, з якой ты хацела трапіць на «Еўрабачанне».

- Так, «Дзекаць і цекаць». Яе можна знайсці паглядзець, ёсць адмысловы кліп, які мы знялі з камандай «ЧынЧынЧэнэл», рэжысёрам Андрэем Кашперскім.

- Што было ў адказе ад «Еўрабачання»?

— Шчыра сказаць, я не памятаю. Памятаю, што мы не прайшлі.

— Гумар да цябе сам прыйшоў ці гэта быў асэнсаваны выбар?

— Гумар на той момант быў нашым адказам на тое, што адбываецца ў краіне. Не толькі гумар, канешне. Сатыра была магчымасцю падтрымаць людзей, каб у іх з’явіўся момант, калі яны могуць і пасмяяцца.

«Патрыярхат здымае з цябе адказнасць»

— Ці магчыма і цяпер размаўляць з публікай праз гумар?

- У нас далей існуе канал. Зусім нядаўна на ім выйшаў новы мінісерыял, які называецца «Белгоспсихоз», раю зайсці паглядзець на»ЧынЧынЧэнэл». Ёсць таксама міні-серыял «Давай его дождемся», дзе мы з рэжысёркай і акторкай Нэлай Агрэніч спрабавалі сябе ў якасці сцэнарыстак.

— Там ты — Ангеліна Лістапад, і гэта «падрабязная інструкцыя для жонак мабілізаваных». Ты пачынаеш са словаў «сардэчна запрашаем у свет, дзе можна быць проста жанчынай». Пра які свет ідзе гаворка?

- Як нам падаецца, гэты персанаж — пра тое, як прапаганда бачыць ролю жанчыны ў грамадстве. Гэты патрыярхат — гісторыя пра тое, што жанчына павінна ўмець гатаваць, рабіць усё па дому і гэтага дастаткова. Яна здымае з сябе ў гэты момант адказнасць, яна не павінна больш ні ў чым удзельнічаць.

— Ты можаш сказаць, што вымушаны пераезд з Беларусі даў табе новы штуршок і новае развіццё ў тваёй творчасці?

— Так, у нас ёсць музычны праект «Zui», у Беларусі мы прысвячалі развіццю гэтага праекта не так шмат часу, як цяпер. У гэтым праекце я вакалістка і суаўтарка музыкі. Часам і аўтарка словаў, але часцей за ўсё аўтар словаў — Міхась Зуй, мой муж, актор, музыка і сцэнарыст. Калі мы ўжо перажылі пачатак і першы стрэс эміграцыі, пасля стрэс другой эміграцыі, з'явілася больш думак пра творчасць, і мы запісалі ўдваіх беларускі альбом. Гэта электронны альбом, усе песні на беларускай мове, адна песня — па-польску.

«Маем магчымасць са сцэны казаць даволі жорсткія і важныя рэчы»

— Вы з мужам творчыя людзі. Ці ёсць паміж вамі канкурэнцыя? Ці ёсць розніца, калі вы муж і жонка, а калі калегі?

— Мы шмат працуем дома, шмат чаго рэпетуем, музыку запісваем дома. «Шчучыншчына» была запісаная дома на камп'ютар, нават не на мікрафон. Мы з Мішам разам 16 год — у нас ужо не пааддзяляеш: тут творчасць, а тут — муж. Гэта ўжо нешта трэцяе.

— Ты пакінула радзіму ды ўсё, што табе там было дорага. Разам з гэтым ты пакінула сваіх гераінь, якіх ты грала на сцэне тэатра. Ці знайшла ты для сябе новых гераінь у Польшчы? 

— Я цяпер прымаю ўдзел у тэатральным праекце, у перакладзе на беларускую ён называецца «Маці. Песня падчас вайны». Гэта праект польскай рэжысёркі, заснавальніцы фундацыі «Хор жанчын», яна перыядычна робіць пастаноўкі на важныя грамадскія тэмы. У праекце прымаюць удзел дзяўчаты з Украіны, Беларусі і Польшчы — усяго 21 акторка на сцэне. Можна сказаць, што гэта антываенны перфоманс, мы маем магчымасць са сцэны казаць даволі жорсткія і важныя рэчы, пра якія людзі ў Еўропе або не ведаюць, або не ўспрымаюць сур’ёзна.

— Як рэагуе публіка?

— У сярэдзіне сцэны, калі мы кажам пра тое, як мы бачым пазіцыю Еўропы, бо шмат у каго з еўрапейцаў стаўленне, што гэта не іх вайна і не іх гісторыя, што ў іх свае праблемы, ваенная траўма, мы падыходзім блізка да гледачоў і пытаемся «Вы разумееце? Вы разумееце?» І адзін чалавек устаў і сказаў па-польску «Не разумеем. Да пабачэння» і сышоў. Гэта адзіная сітуацыя, якую я памятаю, калі чалавек так устаў і выйшаў.

«Патрабавалі, каб вывелі расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі»

— Перад пераездам ва Украіну ці быў такі перыяд, калі ты сядзела і чакала, што па цябе могуць прыйсці?

— Так, у мяне была падрыхтаваная дамова з адвакатам. […] Гэты перыяд цягнуўся прыкладна тры тыдні. Я не магла ночыць дома — мы ночылі ў сяброў, а дадому я прыходзіла толькі збіраць рэчы. Ночыць я там не магла проста псіхалагічна, таму што разумела, што з раніцы могуць прыйсці.

— А ты дзяцей рыхтавала да таго, што могуць прыйсці і забраць цябе?

— Так. Калі я зразумела, што такое можа здарыцца, мы былі ў Брэсце, паехалі да маёй бабулі. Мы з сяброўкай і дзецьмі сядзелі ў кавярні, і я вымушаная была прыдумаць такую гісторыю: што здымаюся ў фільме і што гэта такая спецыфічная дамова ў мяне з рэжысёрам, што фільм могуць пачаць здымаць нечакана, што сюды могуць прыехаць людзі, якія могуць жорстка размаўляць, магчыма, нават забяруць мяне кудысьці, і па кантракце я павінна буду паехаць, «каб вы не палохаліся, гэта проста такая роля ў мамы». Дзякуй Богу, гэтую ролю я не сыграла і спадзяюся, што не сыграю ўжо.

— Ва Украіну вы з'ехалі ў 2021 годзе, так?

— Так, гэта быў пачатак верасня 2021 года. Калі мы прыехалі ва Украіну, мы выбіралі паміж Львовам і Кіевам. Па розных абставінах вырашылі паехаць у Львоў. Там мы шчасліва пражылі каля шасці месяцаў, пакуль не здарылася 24-га (24 лютага 2024 года).

— Як вы гэта сустрэлі?

— Ужо была такая атмасфера ў горадзе… Людзі ўвесь час размаўлялі пра тое, што, магчыма, нешта будзе адбывацца. Але львавяне, якіх мы бачылі, да апошняга казалі, што нічога не будзе. «Можа, там недзе нешта, але тут у нас дакладна нічога не будзе». 22 лютага я была на дэманстрацыі пад расійскай амбасадай, сабралася беларуская суполка. Мы стаялі з пікетамі, плакатамі — патрабавалі, каб вывелі расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі. І тады ўжо нешта адчувалася ў паветры.

З 23-га на 24-га я на ўсялякі выпадак спала ў пакоі разам з дзецьмі, увесь час перыядычна правярала тэлефон. Заснула толькі пад раніцу і прачнулася ад таго, што тэлефон на вібрацыі пачаў вар’яцець. Адкрываю тэлефон, гляджу навіны і адразу бачу паведамленне «Што ў вас там адбываецца?» Мы ўжо ведалі, дзе знаходзіцца бамбасховішча. Дзеці спалі ў вопратцы, не ў куртках, але ў тым, на што можна было хуценька накінуць курткі і бегчы ў бамбасховішча. Мы тлумачылі ім гэта тым, што ўначы могуць быць трэніровачныя сірэны. Мы не казалі пра тое, што пачалася вайна.

- Пасля гэтага вам трэба было пакідаць таксама і Украіну. Я ведаю, што вы стаялі на памежжы трое сутак. Што ты адчувала?

- На другі-трэці дзень да нас падыходзілі ўкраінцы: бабулечкі, якія прыносілі ежу, нам падцягвалі электрычнасць з дома, каб паставіць чайнік, каб нас накарміць. Памятаю, як недзе а 5-6 раніцы прыехаў мужчына і прывёз такую вялікую выварку з кіпнем. 

— Пасля ўсіх падзей, якія з табой і тваёй сям’ёй адбыліся, ці стала ў цябе ў жыцці менш гумару?

— Дзякуй Богу, мне падаецца, гумар я не губляю. Гэта тое, што дапамагае. Мне падаецца, я заўсёды была чалавекам з пачуццём гумару. Гэта магчымасць рабіць лепшымі дні або хвіліны для кагосьці. Я да гэтага часу гэта раблю.

Nashaniva.com