Даследаванне ДНК ахвяр вывяржэння ў Пампеях разбурыла прыгожую легенду пра маці з дзіцем
Выявілася, што яны не сваякі, а «маці» — нават не жанчына.
09.11.2024 / 22:13
«Маці з дзіцем», выяўленыя ў Пампеях
Навукоўцы расшыфравалі ДНК з костак пяці жыхароў Пампеяў, якія загінулі ў выніку катастрафічнага вывяржэння Везувія ў 79 годзе. Артыкул з вынікамі даследавання быў апублікаваны ў Current Biology.
Даследаванне дазволіла высветліць падрабязнасці пра пол, паходжанне і сямейныя сувязі гэтых пяці ахвяр катаклізму і абвергла ўстойлівыя ўяўленні, якія грунтаваліся на памылковых або недастатковых даных.
Напрыклад, была развенчана прыгожая легенда пра маці, якая загінула з дзіцем на руках. Аналіз ДНК паказаў, што шкілет належаў мужчыну, які не меў сваяцкай сувязі з дзіцем. Яго лічылі жанчынай з-за складанага залатога бранзалета на руцэ.
З пачатку раскопак руін Пампеяў у XVIII стагоддзі было зроблена больш за 100 слепкаў цел ахвяр шляхам залівання вадкага гіпсу ў пустоты, якія засталіся пасля разбурэння мяккіх тканак. У многіх з гэтых слепкаў добра захаваліся фрагменты костак.
Па гэтых фрагментах навукоўцы здолелі часткова або цалкам аднавіць геном пяці загінулых. Усе яны былі мужчынамі — нашчадкамі імігрантаў з усходняга Міжземнамор’я.
Дадаткова ўстаноўлены падрабязнасці адносін паміж загінулымі. Напрыклад, рэшткі чалавека з бранзалетам, які трымаў на руках дзіця, былі знойдзены разам з двума іншымі. Да гэтага часу лічылася, што яны належалі адной сям'і, але аналіз ДНК не выявіў сваяцтва паміж імі.
«Дзве сястры» аказаліся мужчынам і жанчынай
Іншая інтэрпрэтацыя, якая таксама аспрэчваецца новымі данымі, датычыцца двух людзей, якія загінулі ў абдымках. Раней лічылася, што гэта альбо сёстры, альбо маці і дачка, але генетычны аналіз паказаў, што прынамсі адзін з іх быў мужчынам.
«Гэтае даследаванне нагадвае нам, што існуюць міфы, якія сапраўды неабходна развенчваць», — пракаментаваў археолаг Стывен Эліс з Універсітэта Цынцынаці ў ЗША, які кіраваў раскопкамі ў Пампеях.