Мінчук абыграў знатакоў і атрымаў 980 рублёў за сваё пытанне
Вось чым беларус паставіў гульцоў у тупік.
11.11.2024 / 12:43
Знаўцы не адказалі на пытанне мінчука. Фота: кадр відэа youtube-канала GameTV.az
У пятай восеньскай гульні азербайджанскага клуба «Што? Дзе? Калі?» каманда Гусейна Мамедава прайграла тэлегледачам з лікам 4:6. Адно з пытанняў на гульню даслаў мінчук Сяргей Нікалаеў, піша «Камсамолка».
Яго пытанне гучала так:
«Улетку 1964 года ленінградскі кампазітар Дзмітрый Шастаковіч у складзе савецкай дэлегацыі наведаў Венгрыю. Пасля афіцыйнай часткі візіту ён разам з калегамі адправіўся на некалькі дзён адпачыць на возера Балатон. У адзін з дзён Шастаковіч з самай раніцы не знаходзіў спакою з-за ўзніклай праблемы. Рашэнне яму падказаў адзін з калегаў. Пасля гэтага, кампазітар арандаваў лодку і адправіўся далей ад берага. У чорнай скрыні знаходзіцца тое, што кампазітар узяў з сабой. Што ў чорнай скрыні?»
Знатакі агучылі сваю версію — метраном.
«Ён не мог сканцэнтравацца, хацеў нешта напісаць. Для поўнай цішыні трэба было адправіцца далей ад людзей. Таму арандаваў лодку, адправіўся на возера і пры дапамозе метранома нешта складаў».
Вядучы агучыў адказ:
«Будучы гарачым прыхільнікам футбольнага клуба «Зеніт», у той дзень, калі клуб праводзіў футбольны матч, ён быў занепакоены тым, што не мог злавіць Ленінградскую хвалю на радыёпрымач, каб паслухаць гульню. Адзін з яго калег падказаў, што на адкрытай вадзе сігнал ловіцца лепш. Рэч у тым, што на вадзе амаль няма перашкод і яна добра адбівае радыёхвалі дзякуючы высокай дыэлектрычнай пранікальнасці і шчыльнасці».
Мінчук за сваё пытанне зарабіў 980 беларускіх рублёў.