Будуць судзіць палітвязня, якога затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ГУР Украіны

Яго справу пачнуць разглядаць у Магілёўскім абласным судзе 14 лістапада.

11.11.2024 / 12:57

Павел Чуркін — жыхар Магілёва, якога ў 2021 годзе асудзілі да аднаго года калоніі за «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Павел цалкам адбыў пакаранне і 24 траўня 2022 года выйшаў на волю, піша «Вясна».

Напачатку красавіка 2024 года стала вядома, што Паўла затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ГУР МО Украіны. Нібыта ён здымаў размяшчэнне «Іскандэраў», каб потым перадаць кадры УСУ. У якасці пацвярджэння, што Чуркін нібыта быў завербаваны, прапагандысты паказалі ролік, дзе ён на камеру чытае нешта падобнае на тэкст прысягі Украіне.

Цяпер Паўла абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), а таксама ў «падрыхтоўцы да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце» (ч. 1 арт. 361-3 КК).

Яго справу пачнуць разглядаць у Магілёўскім абласным судзе 14 лістапада. Працэс будзе весці суддзя Павел Клімаў.

Nashaniva.com