ТАСС апісала, як людзі з Курскай вобласці вяртаюцца ў разрабаваныя УСУ дамы. Але ў тым горадзе стаяла толькі расійская армія
«Жыхары прыгранічных раёнаў Курскай вобласці вымушаны вяртацца ў пустыя дамы з-за рабаванняў і марадзёрства ваеннаслужачых Узброеных сіл Украіны», — напісала ТАСС. Расійскае дзяржаўнае агенцтва прывяло як прыклад выпадак, які насмяшыў нават z-блогераў.
11.11.2024 / 22:13
Кадр з відэа камеры назірання на складзе пункта выдачы заказаў Wildberries у Курскай вобласці
«Мае знаёмыя ў Глушкова вярнуліся. Усё ў доме пасечана, перавернута, нешта УСУ з сабой забралі. Часам людзі прыязджаюць у дамы з абсалютна голымі сценамі», — распавяла агенцтву ТАСС фельчар атрада «Барс-Курск» з пазыўным Рысь.
Гэты тэкст перапосціў расійскі ваенкар, аўтар тэлеграм-канала «Romanov Лайт» Уладзімір Раманаў.
Да гэтага тэксту блогер дадаў толькі кароткі каментар: «УС Украіны не заходзілі ў Глушкова. Зусім».
Украінцы не змаглі ўзяць Глушкова. Не здолеўшы прабіцца да горада, камандаванне УСУ вывела ва Украіну войскі з Глушкоўскага раёна.
Затое выпадкі марадзёрства ў Курскай вобласці расійскіх вайскоўцаў былі шырока задакументаваныя на відэа.