БЕЛ Ł РУС

Свет

Прэс-сакратарка партыі Трампа мае беларускія карані ФОТЫ

12.11.2024 / 18:26

Антось Жупран

29-гадовая Элізабэт Піпко ў мінулым займалася фігурным катаннем і была мадэллю. Аднак выбрала палітычную кар'еру.

Элізабэт Піпко. Фота: elizabethpipko / Instagram

29-гадовая Элізабэт Піпко працуе прэс-сакратаром Нацыянальнага камітэта Рэспубліканскай партыі. Пасля перамогі Дональда Трампа на выбарах яе можа чакаць бліскучая кар'ера.

Дзяўчына нарадзілася 26 чэрвеня 1995 года ў Нью-Ёрку. Яе маці — вядомая піяністка і дачка мастака Марка Кліёнскага, які нарадзіўся ў Мінску ў 1927 годзе і набыў вядомасць у СССР яшчэ ў маладым узросце. Ён стаў самым маладым мастаком, чыя праца была прадстаўлена ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

У 1974 годзе Кліёнскі пераехаў у ЗША, дзе праславіўся як партрэтыст. У сваёй кнізе «Знайсці сваё месца» (Finding My Place, 2020) Элізабэт згадвае, што дзядуля прыехаў у Штаты з 90 далярамі ў кішэні. Яна таксама дзеліцца ўспамінамі аб тым, што дзядуля называў яе «kookalka», а бацьку прадстаўляе «адным з самых строгіх рускіх бацькоў».

View this post on Instagram

A post shared by Elizabeth Pipko (@elizabethpipko)

У дзяцінстве Піпко прафесійна займалася фігурным катаннем, але ў пятнаццаць гадоў была вымушана спыніць спартыўную кар'еру з-за траўмы шчыкалаткі.

View this post on Instagram

A post shared by Elizabeth Pipko (@elizabethpipko)

Яна скончыла Гарвардскую школу (Harvard Extension School), атрымала ступень магістра навук у Пенсільванскім універсітэце. Паралельна Элізабэт рабіла кар'еру мадэлі. Яе здымкі з'яўляліся на старонках такіх часопісаў, як Maxim, Sports Illustrated, Harper's Bazaar, Esquire.

Фота: elizabethpipko / Instagram

У палітыку Піпко прыйшла ў 2016 годзе, калі далучылася да прэзідэнцкай кампаніі Дональда Трампа ў якасці каардынатара па працы з валанцёрамі.

У час той перадвыбарчай кампаніі Элізабэт пазнаёмілася са сваім будучым мужам Дарэнам Сэнцінелам, з якім узяла шлюб у 2018 годзе.

View this post on Instagram

A post shared by Elizabeth Pipko (@elizabethpipko)

У 2019 годзе яна стала адной з заснавальніц і ключавых асобаў руху Jexodus ( спалучэнне слоў Jewish і exodus — «яўрэі» і «зыход»), які быў пазней перайменаваны ў Exodus, арыентаванага на заахвочванне яўрэйскай моладзі да пераходу ад традыцыйнай падтрымкі Дэмакратычнай партыі да рэспубліканцаў. Рух сцвярджаў, што прагрэсіўная палітыка дэмакратаў не заўсёды адпавядае інтарэсам амерыканскай яўрэйскай супольнасці, асабліва ў такіх пытаннях, як падтрымка Ізраіля.

У інтэрв'ю часопісу OK! яна расказвала: «Калі я трапіла ў палітычны свет, я зразумела, што адзіны спосаб для мяне не толькі выжыць, але і дасягнуць поспеху — гэта стварыць нешта значнае. Таму я накіравала свае намаганні на барацьбу за яўрэйскі народ і супраць антысемітызму».

У студзені 2023 года Элізабэт запусціла праект Lest People Forget — глабальную платформу для ўшанавання памяці пра Халакост, заснаваную на крыпта-тэхналогіях.

Дональд Трамп і Элізабэт Піпко. Фота: elizabethpipko / Х

У лютым 2022 года, адказваючы на пытанне аб расійскай агрэсіі супраць Украіны, Піпко сказала Fox News: «Я чула, як людзі пытаюцца: «Чаму мы павінны клапаціцца пра тое, што адбываецца ў Расіі і Украіне сёння?» Мы, амерыканцы, ведаем, за што стаім, і мы ведаем, што атака на дэмакратыю дзе-небудзь — гэта атака на дэмакратыю ўсюды».

Элізабэт Піпко. Фота: elizabethpipko / Instagram

Прэс-сакратаром Нацыянальнага камітэта Рэспубліканскай партыі Элізабэт стала ў маі 2024 года.

Раней у інтэрв'ю часопісу Magazine яна казала, што хоча быць ролевай мадэллю для маладых жанчын: «Трэба паказаць маладым дзяўчатам, што яны могуць рабіць усё, што захочуць. Ад мадэлінгу да палітыкі і ўсяго, што паміж імі».

Чытайце таксама:

Шведская зорка хіп-хопа з мінскага пад'езда. Хто такі Yung Lean

Даследчыца адшукала беларускія карані Эплбаўм

Манетачка расказала пра свае беларускія карані

Каментары да артыкула