З пачатку года ў Літву прыляцеў 351 метэазонд з Беларусі
Служба аховы дзяржмяжы Літвы (САДЛ) паведаміла, што ў аўторак ноччу выявіла 14 выпадкаў дастаўкі кантрабандных цыгарэт метэазондамі з Беларусі, і затрымала больш за 25 тысяч пачак цыгарэт, паведамляе LRT.lt.
13.11.2024 / 09:29
D. Gaižausko, facebook.com
За мінулыя суткі таксама было арганізавана некалькі засад, падчас якіх былі затрыманыя пяць чалавек, якія падазраюцца ў датычнасці да кантрабанды паветраных шароў.
Пераважная большасць аперацый праводзілася ў Паўднёвай Літве ўздоўж мяжы з Гродзенскай вобласцю.
САДЛ распачала дасудовае расследаванне і некалькі адміністрацыйных вытворчасцяў у дачыненні да перавозкі падакцызных тавараў.
Аналагічныя дзеянні, накіраваныя на блакаванне перавозкі кантрабанды з дапамогай метэазондаў і іншымі метадамі, працягваюцца і плануюцца да правядзення ў найбліжэйшай будучыні, гаворыцца ў паведамленні.
У апошні час, на працягу больш чым трох тыдняў, адбылося значнае скарачэнне колькасці выпадкаў кантрабанды на метэашарах.
Усяго сёлета зафіксаваны 351 метэаралагічны шар, які прыляцеў у Літву з Беларусі, з іх 138 былі выяўленыя і перахопленыя.