У Маскве замест памерлага беларускага святара па-беларуску служыць армянін

У суботу беларусы-каталікі Масквы сустрэліся ў францішканскім кляштары на набажэнстве ў памяць беларуса, айца Пятра Карнелюка.

13.11.2024 / 12:19

Апошнія гады айцец Пётр быў душпастырам беларусаў-католікаў, якія жывуць у Маскве і Маскоўскай вобласці, а таксама і для беларусаў, якія наведвалі гэты горад і жадалі ўдзельнічаць у набажэнствах па-беларуску, піша catholic.by.

Імшу ў памяць спачылага святара правёў на беларускай мове айцец Пэтрас Есаян, пробашч армяна-каталіцкай парафіі святога Рыгора Асветніка.

Затым адбылася душпастырская сустрэча ў францішканскім цэнтры, на якой некалькі дзясяткаў вернікаў падзяліліся сваімі ўспамінамі пра спачылага айца Пятра Карнелюка.

Айцец Пэтрас запэўніў, што ў памяць аб айцы Пятры будзе праводзіць для іх набажэнствы на роднай мове.

Айцец Пэтрас Есаян МІС з 10-гадовага ўзросту і да станаўлення манахам жыў у Беларусі. Добра валодае некалькімі мовамі, у тым ліку беларускай. 

Nashaniva.com