Мінімум 12 шахедаў за ноч у Беларусь, два прапалі, адзін даляцеў да Рэчыцы
Ноччу 12 лістапада было зафіксавана як мінімум 12 заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «шахед» у Беларусь з Украіны. Дроны праляталі над Брагінам, Гомелем і Рэчыцай, а таксама неаднаразова праходзілі праз «беларускі калідор», піша Беларускі Гаюн.
13.11.2024 / 14:32
Беларускі Гаюн
Першы заход быў у 22:09 у раён Брагіна, пасля чаго дрон вярнуўся назад на Чарнігаўшчыну з паўторным заходам ужо ў «калідор», і далей на Кіеўшчыну. За ноч шахеды заходзілі ў 23:14, 02:58, 03:35, 04:49, 05:05, 05:40, 06:10, 06:58, 07:10, 07:59 і 08:10.
У 07:10 дрон быў заўважаны на поўнач ад Рэчыцы і рухаўся ў бок Светлагорска/Бабруйска, то-бок знаходзіўся за 70 км ад мяжы з Беларуссю. Потым ён зрабіў круг і вылецеў на Кіеўскае вадасховішча, сумарна праляцеўшы над Беларуссю каля 200 км.
За ноч не менш за два дроны былі страчаны ў Беларусі, гэта пацвярджаюць і Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны, якія паведамілі, што 2 БПЛА выйшлі з паветранага прастору Украіны ў бок Беларусі і РФ.
Гэта была ўжо 4-я ноч запар, калі ў Беларусь масава заляталі расійскія «шахеды», і ўпершыню за гэтыя дні была паднята дзяжурная авіяцыя ВПС РБ. Самалёт з Баранавічаў узляцеў каля 07:40 раніцы і вярнуўся на базу ў 08:45.