Літва ўводзіць змены для фур, якія выязджаюць у Беларусь і Расію

Літва ўводзіць абавязковую папярэднюю рэгістрацыю ў электроннай чарзе ўсіх грузавых транспартных сродкаў, якія выязджаюць з Літвы праз межы з Расіяй і Беларуссю. Пра гэта паведамляе Міністэрства транспарту і сувязі Літвы.

14.11.2024 / 10:15

Правіла пачне дзейнічаць з 1 снежня.

«Усе грузавыя транспартныя сродкі, якія накіроўваюцца ў пункты пропуску «Мядзінінкай», «Шальчынінкай» і «Кібартай» на межах Літвы з Беларуссю і Расіяй, цяпер павінны будуць загадзя браніраваць выбраны часавы інтэрвал для перасячэння мяжы ў інфармацыйнай сістэме кіравання чэргамі (EVIS). Калі грузавы транспартны сродак прыбывае ў зону чакання без браніравання часовага інтэрвалу для перасячэння мяжы, ён зможа зарэгістравацца на наступны даступны часовай інтэрвал у EVIS на месцы», — піша ведамства.

Мяркуецца, што гэта значна скароціць колькасць фур у чарзе. Самыя вялікія чэргі — да 900 грузавікоў або даўжынёй 23 км — звычайна ўтвараюцца ў снежні і красавіку, перад каляднымі і велікоднымі святамі.

Nashaniva.com