Мінінфармацыі патрабуе ад пяці інтэрнэт-рэсурсаў даваць доступ да абавязковага пакета тэлепраграм

Ведамства паведамляе ў сваім тэлеграм-канале, што быў выяўлены шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць тэлепраграмы, але там не ў поўным аб'ёме прадстаўлены абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм.

14.11.2024 / 12:27

Пяці ўладальнікам гэтых інтэрнэт-рэсурсаў вынесеныя патрабаванні аб ліквідацыі парушэнняў Закона аб СМІ.

«Невыкананне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабавання Міністэрства інфармацыі аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь Аб сродках масавай інфармацыі або непаведамленне ў Міністэрства інфармацыі аб іх ліквідацыі і непадача пацвярджаючых дакументаў з'яўляюцца падставай для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу ў адпаведнасці з Законам аб СМІ», — нагадвае Мінінфармацыі, але не называе гэтыя інтэрнет-рэсурсы.

У абавязковы пакет уваходзяць тэлеканалы «Беларусь 1», АНТ, «Беларусь 2», «Беларусь 3», «Беларусь 5», СТБ, «НТВ Беларусь», «Расія Беларусь», а з нядаўняга часу і «Першы інфармацыйны».

Nashaniva.com