Былы памочнік Канапацкай настойвае: у яе быў нямецкі дазвол на жыхарства, таму рэгістраваць яе кандыдаткай нельга
Дзяніс Ціханенка тлумачыць, што непаўналетнія дзеці Канапацкай, у якіх няма грамадзянства Германіі, іначай не маглі пайсці ў нямецкую школу.
15.11.2024 / 19:18
Ганна Канапацкая. Фота: instagram.com/anna.kanopatskaya
Раней «Наша Ніва» паведамляла, што ў свой час Ганна Канапацкая мела нямецкі дазвол на жыхарства. У гэтым няма нічога ні крымінальнага, ні кепскага, сотні мільёнаў людзей на свеце часова жывуць не ў сваіх родных краінах, але згодна з цяперашнімі Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам, існаванне такога дакумента нават у мінулым не дае ёй права цяпер быць кандыдаткай у прэзідэнткай.
Ганна рашуча абвергла гэтую інфармацыю ў сваіх сацыяльных сетках: «Я ніколі не валодала ДНЖ ніякай іншай краіны, у тым ліку і Германіі. Больш за тое, у названы перыяд у мяне не было нават нямецкай візы. Ну а тое, што мае дзеці атрымлівалі тады адукацыю ў Германіі, не з'яўляецца правапарушэннем па вызначэнні. Названая акалічнасць была прадметам больш чым стараннага вывучэння кампетэнтных органаў як у перыяд мінулай выбарчай кампаніі, так і пазней», — сцвярджае Канапацкая.
Аднак былы памочнік Ганны ў часы яе дэпутацтва Дзяніс Ціханенка звяртае ўвагу на тое, што дзеці Канапацкай у сярэдзіне 2010-х былі непаўналетнімі і не маглі вучыцца ў Германіі без аднаго з бацькоў ці апекуна:
«Непаўналетнія дзеці, не грамадзяне Германіі не могуць проста так узяць і пайсці ў нямецкую школу. Для гэтага ў іх павінна быць прапіска, а яна немагчымая без наяўнасці дазволу на жыхарства. Самастойна дзеці не могуць атрымаць гэты дакумент (як і жыць у Германіі), ён выдаецца на падставе дазволу на жыхарства аднаго з бацькоў, які і мела Ганна Канапацкая падчас навучання дзяцей у Германіі».
Аляксей Канапацкі сапраўды яшчэ ў 2015-м вучыўся ў нямецкім Боне і быў на той момант непаўналетнім. Фота: старонка Аляксея УКантакце
Аляксей Канапацкі — той самы малады чалавек, які ў 2020 годзе адзначыўся даносам на праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама: У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі
Па словах Ціханенкі, падчас іх сумесных паездак за мяжу ў 2017—2019 гадах Ганна заўсёды давала памежнікам на кантролі менавіта свой ДНЖ, які ў яе яшчэ тады дзейнічаў.
З былым мужам, Дзмітрыем Канапацкім, Ганна развялася ў 2008 годзе. Дзецьмі ўвесь гэты час у асноўным займалася яна сама. Былы муж сёння ўзначальвае кампанію «Белснаб Камплект», дылера сельскагаспадарчай тэхнікі ў Казахстане і Расіі (у тым ліку і беларускай тэхнікі).
Наяўнасць ДНЖ у Ганны ў мінулым нам пацвердзіла і яшчэ адна крыніца.
Зрэшты, рашучасць, з якой пралукашэнкаўскія каналы кінуліся абараняць Канапацкую, сведчыць аб тым, што яе ўдзел у перадвыбарчай гонцы быў узгоднены зверху. А значыць, хутчэй за ўсё, Цэнтрвыбаркам заплюшчыць вочы на тое, што калісьці ў яе быў «забаронены» дакумент. Запасных Канапацкіх у Аляксандра Лукашэнкі няма.
Лукашэнка: У Беларусі не дай Бог жанчыну абяруць
Якія выбары, такія і сцэнары. Чаму адразу два спарынг-партнёры Лукашэнкі знялі сваю кандыдатуру
«Проста сагналі ўсіх на двор і не сказалі навошта». Як здымаюцца ролікі для флэшмобу «Надо»