Лукашэнку не адпускае. Пасля прэс-службы і сам ён выказаўся пра адмову Дуды фатаграфавацца з ім на саміце ў Баку
«Ніхто не заўважыў, што яго няма. Бачыць ён, што яго не заўважылі, і пачаў піярыцца, што не пайшоў фатаграфавацца. Ну і не хадзі. Госпадзі, хто цябе там чакаў!»
14.11.2024 / 16:41
Фото: COP29 Azerbaijan / X
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 14 лістапада на пытанні журналістаў, выказаўся пра дэмарш прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды на кліматычным саміце ў Баку.
«Адзін еўрапеец — калі б мне не расказаў Рыжанкоў, я не ведаў бы — адмовіўся фатаграфавацца («сямейнае фота» на саміце ў Баку), таму што там ёсць Лукашэнка. Ніхто гэтага нават не заўважыў. Я там стаяў спакойна. Падышоў пакістанскі прэм'ер, многія падышлі, прывіталіся з павагай. Ну, як сям'я. Ніхто не заўважыў, што яго няма. Бачыць ён, што яго не заўважылі, і ён пачаў піярыцца, што не пайшоў фатаграфавацца. Ну і не хадзі. Госпадзі, хто цябе там чакаў!» — сказаў Лукашэнка.
Акрамя гэтага, ён пакрытыкаваў і выступленне польскага прэзідэнта на саміце. Паводле Лукашэнкі, Анджэй Дуда расказваў, як Польшча беражэ жывёльны і раслінны свет, але не згадаў, як яго краіна пабудавала агароджу ў Белавежскай пушчы, «з-за чаго там цяпер гінуць звяры». «Яны ж жах што вытвараюць! Яны выразалі гэту Белавежскую пушчу, а ён пра расліны расказвае. Я ўжо не стаў яго там чапляць, хоць сабе пазначыў тэзісы. Думаю: ну нельга так», — заўважыў Лукашэнка, не назваўшы прычыны пабудовы Польшчай агароджы — мігранцкі крызіс.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 12 лістапада адмовіўся ўдзельнічаць у «сямейным фота» лідараў, якія прыехалі на кліматычны саміт у Баку. Прычынай стаў удзел у фатаграфаванні Лукашэнкі.
Канал «Пул першага» на наступны дзень, 13 лістапада, вырашыў абыграць гэты момант і апублікаваў фота «помсты» палітыка польскаму лідару. Выглядала гэта на ўзроўні пачатковай школы. Відавочна, што ўчынак Дуды моцна зачапіў Лукашэнку.