Узламаная ўнутраная сетка Нацыянальнага банка Беларусі. Што вядома?

У руках хакераў аказаліся дзясяткі тысяч нумароў тэлефонаў, электронных пошт, адрасоў і поўных імёнаў карыстальнікаў разам з іншым масівам тэхнічнай і сакрэтнай інфармацыі. 

14.11.2024 / 20:54

Сёння стала вядома аб маштабным узломе ўнутранай сеткі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Як заяўляюць хакеры з праўкраінскай групоўкі DumpForums, імі былі атрыманыя «базы даных карыстальнікаў, а таксама дакументы, звязаныя з унутранымі праектамі і планамі банка».

У якасці доказаў хакеры на ўласным закрытым форуме апублікавалі некалькі вялікіх файлаў, у якіх змяшчаюцца 43.562 адрасы электроннай пошты і 30.798 нумароў тэлефонаў (разам з поўнымі імёнамі і карпаратыўнымі і прыватнымі адрасамі карыстальнікаў, а таксама назвамі іх пасад у арганізацыях (пры наяўнасці такіх) і УНП гэтых арганізацый.

Усе даныя ва ўцечцы актуальныя на час лютага 2024 года.

Інтэрфейс унутранай сеткі Нацыянальнага банка Беларусі. Крыніца: DumpForums

Схема структуры ўнутранай сеткі Нацыянальнага банка Беларусі. Крыніца: DumpForums

Як пішуць самі хакеры ў сваім тэлеграм-канале, яны атрымалі доступ да ўнутранай сеткі Нацыянальнага банка Беларусі «досыць даўно пасля дбайнай падрыхтоўкі» і «на працягу значнага перыяду яны заставаліся незаўважанымі» для супрацоўнікаў банка.

«Дзякуючы ўзлому, мы атрымалі дасяг і да некалькіх іншых дзяржаўных устаноў Беларусі», — заявілі праўкраінскія хакеры.

Яны дадалі, што «бліжэйшымі днямі» апублікуюць і іншыя файлы Нацыянальнага банка.

Махляры з Мінска атрымалі асабістыя даныя беларуса і рабілі фальшывыя запрашэнні на візы. Праблема можа быць глабальнай

Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Nashaniva.com