У Польшчы арыштавалі кіроўцу аўтобуса «Гомель — Уроцлаў», які з'ехаў у кювет
У ДТЗ пацярпелі дзевяць чалавек.
15.11.2024 / 15:49
У Польшчы арыштавалі кіроўцу аўтобуса «Гомель — Уроцлаў». Транспартны сродак рухаўся ў напрамку Познані. Кіроўца выехаў на аварыйную паласу, прабіў дарожную агароджу, і аўтобус з'ехаў у кювет ды перакуліўся на бок.
Вядома, што машына належыць гомельскаму перавозчыку «Траса Е95», піша «Гомельская праўда».
У ДТЗ пацярпелі дзевяць чалавек. Іх аператыўна даставілі ў лячэбную ўстанову.
— Паводле інфармацыі дырэктара кампаніі, адзін з пасажыраў па-ранейшаму застаецца ў польскай бальніцы пад наглядам дактароў. Сёння (15 лістапада) да яго прыедуць дачка і прадстаўнік перавозчыка, — адзначыў дырэктар ААТ «Гомельаблаўтатранс» Дзмітрый Старасценка. — Кіроўца аўтобуса знаходзіцца пад арыштам. Астатніх пасажыраў сёння забяруць з гасцініцы і даставяць ва Уроцлаў.