На кампанію Лукашэнкі ўжо пералічылі больш за 400 тысяч рублёў. У спойлераў грошай няма
ЦВК падзяліўся звесткамі аб памерах выбарчых фондаў удзельнікаў выбараў.
15.11.2024 / 17:45
Фота: камуністы Гомеля
Паводле звестак ЦВК на 13 лістапада, у выбарчым фондзе Лукашэнкі было ўжо 427 тысяч 240 рублёў. Пры гэтым яго ініцыятыўная група выдаткавала з іх 13 тысяч 221 рубель.
Крыніцы паступлення сродкаў на рахунак у дакуменце не раскрываюцца. Вядома толькі, што сам кандыдат не можа ўносіць у фонд больш за 400 тысяч рублёў асабістых сродкаў. Адна юрыдычная асоба не можа ахвяраваць больш за 2400 рублёў, а адзін грамадзянін — больш за 1200 рублёў.
У астатніх, падкантрольных уладам, прэтэндэнтаў сродкаў альбо вельмі мала, альбо наогул няма. Другі па памеры фонд сабрала Вольга Чамаданава — 2400 рублёў. Выдаткаваць яна нічога не паспела і знялася з выбараў.
На выбарчым рахунку Алега Гайдукевіча 200 рублёў, з іх ужо выдаткавалі 140 рублёў 88 капеек. У Сяргея Сыранкова, Аляксандра Хіжняка і Ганны Канапацкай грошай на рахунку яшчэ пазаўчора не было. Не было іх і ў Сяргея Бобрыкава, які таксама ўжо завяршыў кампанію.
Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць ва ўмовах масавых рэпрэсій. У такіх абставінах любое іншадумства можа быць пакарана, а таму выбары нельга лічыць свабоднымі. Папярэднія выбары суправаджаліся фальсіфікацыямі.
Заканадаўства ўстанаўлівае абмежаванні на фарміравання выбарчага фонду. Прэтэндэнтам забаронена атрымліваць ахвяраванні ад замежных дзяржаў і арганізацый, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, арганізацый, заснавальнікамі, удзельнікамі або ўласнікамі маёмасці якіх з'яўляюцца замежныя дзяржавы, арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, а таксама замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства.
Таксама нельга атрымліваць грошы на выбары ад арганізацый, якія атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, у тым ліку ад беларусаў, якія жылі за мяжой больш за паўгода за апошні год.
Нельга фінансаваць выбарчыя кампаніі дзяржорганам, рэлігійным і дабрачынным арганізацыям, арганізацыям, якія фінансуюцца з бюджэту, фірмам, якія былі заснаваны менш чым за год да ахвяраванні, а таксама непаўналетнім грамадзянам і ананімным ахвярадаўцам.
Лукашэнка: У Беларусі не дай Бог жанчыну абяруць
Лукашэнка пахваліўся, што за яго ўжо напісалі 700 тысяч подпісаў
Рэзідэнты ПВТ пералічылі грошы на выбарчую кампанію Лукашэнкі