Льготны крэдыт на беларускія тавары будуць выдаваць па новых правілах

Патрабаванні да таго, што лічыць беларускімі таварамі, будуць пастрожаны.

15.11.2024 / 17:00

Крэдытная праграма «На родныя тавары» была падоўжаная на 2025 год, але ёсць змены.

«Спіс тавараў, якія туды будуць уключацца, мы будзем падвязваць да лакалізацыі вытворчасці. То-бок, калі вытворца, умоўна кажучы, мэблі проста купляе камплектуючыя дзесьці за мяжой і іх складае, то гэта не будзе лічыцца беларускім вытворцам. Мы будзем рабіць больш жорсткімі патрабаванні да лакалізацыі», — анансаваў першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, у пастанове ўрада №80 «Аб пацверджанні вытворчасці прамысловай прадукцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» будзе прапісана, што такое «беларускі тавар». І спіс айчынных тавараў будзе істотна перагледжаны і дакладна будзе скарочаны, падкрэсліў першы намеснік міністра.

«Аб'ектыўна вельмі шмат вытворцаў мэблі, якія туды трапілі, выкарыстоўваюць больш за 90% імпартных складнікаў. Атрымліваецца, па сутнасці, што сродкі сыходзяць з нашай краіны, а цяпер мы будзем падтрымліваць тых, у каго высокі ўзровень лакалізацыі. Напрыклад, у нашых халадзільніках, дзе гэты ўзровень дасягае 70%», — сказаў ён.

На колькі працэнтаў тавар павінен быць беларускім, пакуль вырашаецца і будзе залежаць ад канкрэтнага тавару.

Спажывецкія крэдыты «На родныя тавары» пакуль што выдае толькі Беларусбанк на тры гады пад фіксаваную на ўвесь тэрмін крэдытавання стаўку 4% гадавых для набыцця тавараў беларускіх вытворцаў.

Nashaniva.com