За два гады працоўных мігрантаў у Беларусі пабольшала ў паўтара раза
Асноўны прыток — з Расіі.
15.11.2024 / 19:32
За апошнія два гады колькасць працоўных мігрантаў вырасла ў Беларусі больш чым у паўтара раза, паведаміла БелТА першая намесніца міністра працы і сацабароны Таццяна Астрэйка.
Па працоўных дагаворах у Беларусі цяпер працуюць больш за 60 тысяч замежнікаў. Часцей за ўсё яны занятыя па рабочых спецыяльнасцях. Дзве траціны — у гандлі, гасцінічным бізнэсе і транспартнай сферы.
Мігрантаў таксама задзейнічаюць у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, вытворчасці прадуктаў харчавання.
Асноўны прыток працоўных мігрантаў — з Расіі (іх 40% у агульнай колькасці).
Мінпрацы і сацабароны штогод распрацоўвае пералік прафесій, на якія можна прыцягваць замежнікаў без спецыяльнага дазволу. Калі першапачаткова гэты пералік прадугледжваў 10 прафесій, то сёння гэта 53.
Прырост працоўных мігрантаў назіраецца на фоне вялізнага дэфіцыту работнікаў.