Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну
«Калі адбылася гэтая трагедыя ў Ізраілі, па-мойму, не знайшлося на планеце чалавека, які не быў бы на баку Ізраіля ўсім сэрцам. І я. … Я не ведаю нармальнага чалавека, хто б падтрымліваў ХАМАС. Але тое, што адбываецца цяпер з палесцінскім народам, яго знішчэнне, таксама мала хто падтрымлівае».
17.11.2024 / 10:05
Пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч у спецвыпуску ТОКу расказала стаўленне да канфлікту і патлумачыла, чаму хэйтары дарма абвінавачвалі яе.
У інтэрнэце распаўсюдзілася інфармацыя пра тое, што Святлана Алексіевіч уручыла прэмію RAW in WAR палесцінскім журналісткам за асвятленне ваеннага канфлікту з Ізраілем у Сектары Газа. Многія ўспрынялі гэта як падтрымку пісьменніцай Палесціны і, адпаведна, ХАМАС.
Вядучая ТОКу Настасся Роўда звярнулася да пісьменніцы з просьбай патлумачыць яе пазіцыю.
«Агалоска, якую атрымала ўзнагарода ў гэтым годзе, мяне вельмі здзіўляе. Гэта нагадала мне спробу нашага КДБ — дарэчы паспяховую, — пасварыць мяне з Ціханоўскай. І цяпер, па-мойму, гэта нагадвае нешта падобнае»,
— заўважыла пісьменніца і адзначыла, што не ведае, адкуль узялася такая інфармацыя:
«Таму што я не сябра журы гэтай прэміі. Я не ўручала гэтую прэмію. І ўвогуле гэтую прэмію не ўручалі!»
Насамрэч цырымонія адбудзецца вясной 2025 года. Але Святлана Алексіевіч запэўнівае, што нават не ўваходзіла ў журы. Яна проста атрымлівала гэту прэмію ў 2018 годзе.
«І калі прэмію абвяшчаюць, то тры — пяць былых герояў гэтай прэміі выказваюць сваё меркаванне. І мяне таксама спыталі. І я… Там, па-мойму, роўна тры сказы былі», — расказвае Алексіевіч.
«Пакуль вайскоўцы і палітыкі гавораць мовай вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыццё, ахвяруючы сваім уласным жыццём пад абстрэламі. Ратуюць само жыццё.
Яны нам распавядаюць праўду пра пакуты свайго народа. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, таму што жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну», — такая думка Алексіевіч была прыведзена ў прэс-рэлізе арганізатараў прэміі.
Канкрэтных імёнаў яна не называла, але паколькі ў прэс-рэлізе ў якасці прыкладаў указваліся дзве палесцінскія журналісткі з неадназначнай рэпутацыяй, многія падумалі, што Алексіевіч падтрымлівае персанальна іх.
Тлумачачы свае адносіны да канфлікту паміж Ізраілем і Палестынай, Алексіевіч адзначыла:
«Калі адбылася гэтая трагедыя ў Ізраілі, па-мойму, не знайшлося на планеце чалавека, які не быў бы на баку Ізраіля ўсім сэрцам. І я.
Гэтыя кадры жудасныя. Абсалютна ўсе на баку [Ізраіля]. І нават студэнты ў Германіі, з якімі я размаўляла і якія цяпер падтрымліваюць Палесціну, (…) ніхто не падтрымлівае ХАМАС.
Я не ведаю нармальнага чалавека, хто б падтрымліваў ХАМАС. Але тое, што адбываецца цяпер з палесцінскім народам, яго знішчэнне, таксама мала хто падтрымлівае.
Я думаю, што трэба шукаць дыпламатычны шлях рашэння канфлікту на Блізкім Усходзе. Знішчэнне народу ніколі не было рашэннем канфлікту», — падкрэсліла нобелеўская лаўрэатка.
Глядзіце цалкам:
Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію ў гадавіну нападу на Ізраіль. Алексіевіч падтрымала іх
Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам прэміі імя Ганны Паліткоўскай
Алексіевіч расказала, што не так зрабілі беларускія эліты ў 2020 годзе