Беларуска Элеанора Качалаўская не трапіла ў топ-30 на конкурсе «Міс Сусвет»
Тытул упершыню атрымала прадстаўніца Даніі.
17.11.2024 / 08:48
Элеанора Качалаўская на конкурсе нацыянальных касцюмаў. Фота: Hector Vivas / Getty Images
Беларуска Элеанора Качалаўская не ўвайшла ў топ-30 на прэстыжным конкурсе прыгажосці «Міс Сусвет»-2024, які адбыўся ў Мексіцы. Беларусь была прадстаўлена на конкурсе ўпершыню.
Перамогу атрымала 21-гадовая танцоўшчыца і пачынаючы юрыст з Даніі Вікторыя К'ер Тэйлвіг. Яна стала першай датчанкай, якой удалося заваяваць гэты тытул. У конкурсе пытанняў і адказаў К'ер заклікала ўсіх гледачоў «працягваць змагацца, незалежна ад таго, адкуль вы родам».
«Міс Сусвет»-2024 Вікторыя К'ер Тэйлвіг з Даніі. Фота: Hector Vivas / Getty Images
Асноўная частка конкурсу пачалася з паўфіналу, куды ўвайшлі 30 дзяўчат. Іх адабралі па выніках папярэдняга дэфіле ў нацыянальных касцюмах. Пасля дэфіле ў купальніках засталіся 12 фіналістак, якія затым прайшліся па сцэне ў вечаровых сукенках.
Першай віцэ-міс стала прадстаўніца Нігерыі Чыдымма Адэціна, тытул другой віцэ-міс атрымала мексіканка Марыя Фернанда Бельтран. Трэцяй віцэ-міс выбралі Сухату Чуансдры з Тайланда, чацвёртай — Ілеану Маркес з Венесуэлы.
У топ-12 таксама ўвайшлі прадстаўніцы Аргенціны, Балівіі, Канады, Чылі, Перу, Пуэрта-Рыка і Расіі.
Нагадаем, першапачаткова Беларусь павінна была прадстаўляць Карына Кісялёва. Аднак яе раптоўна замянілі, а потым яна апынулася ў СІЗА.