У Венесуэле вызвалілі 225 чалавек, затрыманых падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў

Тысячы людзей пратэставалі супраць чарговай перамогі Нікаласа Мадура, абвінавачваючы ўлады ў фальсіфікацыях.

17.11.2024 / 12:57

Скрыншот з відэа пратэстаў

Улады Венесуэлы вызвалілі 225 чалавек, арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў супраць спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ліпені.

Пра гэта паведаміў генеральны пракурор Тарэк Сааб, піша Reuters.

Вызваленні былі заснаваныя на новых доказах, сабраных пракурорамі, сказаў Сааб у заяве.

«У другой палове пятніцы 15-га і ў суботу 16-га былі выдадзены і выкананы 225 рашэнняў аб вызваленні людзей, якія пераследуюцца за акты гвалту, што адбыліся пасля выбараў 28 ліпеня», — гаворыцца ў заяве.

Сааб, які раней заяўляў, што пратэсты прывялі да 28 ахвяр і амаль 200 параненых, паведаміў на мінулым тыдні, што перагледзіць прынамсі 225 затрыманняў.

Мясцовая праваабарончая група Foro Penal паведаміла, што ў суботу з чатырох турмаў было вызвалена больш за 100 чалавек.

«На гэты момант мы праверылі, што ў Венесуэле вызваленыя 107 палітычных зняволеных, затрыманых у сувязі з паслявыбарчай сітуацыяй», — напісаў дырэктар групы Альфрэда Рамэра ў сацыяльных сетках.

Паводле дадзеных Foro Penal, пасля выбараў 28 ліпеня, на якіх Нікалас Мадура захаваў сваю ўладу нягледзячы на спрэчныя вынікі, было арыштавана не менш за 1800 чалавек. Мадура, які заняў пасаду ў 2013 годзе, павінен пачаць свой наступны шасцігадовы тэрмін у студзені.

Праваабарончая група маніторыла вызваленні ў чатырох турмах у цэнтральнай Венесуэле, уключаючы прынамсі 50 маладых людзей з турмы Токарон, паведаміў Рамэра.

На відэа, апублікаваным ім, відаць, як некаторыя з вызваленых ідуць па шашы за межамі турмы пад апладысменты і воклічы назіральнікаў. У іншым відэа малады чалавек, які прадставіўся як Луіс Энрыке Карэа Эспіноса, усміхаецца, трымаючы над галавой паперу, пад апладысменты прыхільнікаў.

Выбары 28 ліпеня справакавалі антыўрадавыя пратэсты, а апазіцыя, праваабарончыя групы і прафсаюзы абвінавацілі адміністрацыю Мадура ў падаўленні іншадумства і фальсіфікацыях.

Венесуэльскія выбарчыя ўлады і Вярхоўны суд заявілі, што Мадура выйграў выбары, не прадставіўшы ўсіх дадзеных аб галасаванні, што прымусіла прыхільнікаў апазіцыйнага кандыдата Эдмундо Гансалеса абвінаваціць кіруючую партыю ў махлярстве.

Мадура на мінулым тыдні заявіў, што даручыць генеральнай пракуратуры перагледзець арышты, у якіх маглі быць дапушчаныя памылкі.

Больш за 80 падлеткаў былі вызваленыя ў верасні пасля затрымання падчас паслявыбарчых пратэстаў. Актывісты і сваякі некаторых з затрыманых заявілі, што гэтыя людзі не ўдзельнічалі ў пратэстах. Яны таксама сцвярджаюць, што некаторыя зняволеныя падвяргаліся катаванням падчас утрымання пад вартай.

Апанент Мадуры пасля выезду з Венесуэлы заявіў, што яго прымусілі прызнаць новага прэзідэнта

Кандыдат ад венесуэльскай апазіцыі папрасіў прытулку ў Іспаніі і з'ехаў з краіны

У Еўропе дамовіліся не прызнаваць абранне Мадура прэзідэнтам Венесуэлы

ЕС не прызнае перавыбранне Мадуры прэзідэнтам Венесуэлы

ЗША прызналі апанента Мадуры пераможцам прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле, але з удакладненнем

У Венесуэле ўспыхнулі масавыя пратэсты. Дэманстранты ў адным з гарадоў знеслі помнік Уга Чавесу ВІДЭА

Nashaniva.com