Эрдаган на саміце G20 абнародуе свой мірны план па Украіне

У чым ён заключаецца?

18.11.2024 / 10:48

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Paul Ellis Pool / Getty Images

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы паведаміла, што прэзідэнт Турцыі збіраецца прадставіць свой мірны па вайне Расіі супраць Украіны на саміце G20 у Рыа-дэ-Жанейра.

Па звестках суразмоўцаў агенцтва, прапанова Эрдагана прадугледжвае замарозку баявых дзеянняў на сённяшніх пазіцыях бакоў.

Турэцкі прэзідэнт таксама прапануе адкласці абмеркаванне пытання аб уступленні Украіны ў NATO мінімум на 10 гадоў як саступку Уладзіміру Пуціну.

Турэцкая прапанова таксама прадугледжвае стварэнне дэмілітарызаванай зоны ва ўсходнім Данбасе.

Эрдаган прапануе размясціць там міжнародныя войскі ў якасці дадатковай гарантыі і забяспечыць Украіну вайсковымі пастаўкамі ў якасці кампенсацыі за згоду не ўступаць у NATO, адзначае агенцтва.

Турэцкія афіцыйныя асобы прызнаюць, што Украіне будзе цяжка прыняць такую прапанову, але лічаць, што гэта найбольш рэалістычны падыход.

Крыніцы агенцтва сцвярджаюць, што Эрдаган спадзяецца, што яму ўдасца пераканаць Зяленскага ўзяць удзел у мірных перамовах у Стамбуле, паколькі ён бачыў звесткі разведкі, якія сведчаць пра тое, што Украіна можа страціць значна больш тэрыторыі на працягу наступных некалькіх месяцаў, калі баявыя дзеянні не спыняцца.

Nashaniva.com