Лідар гурта «Бумбокс» адмовіўся ад міжнароднай прэміі, бо яе таксама атрымала Навальная
Украінскі музыка, лідар гурта «Бумбокс», а цяпер абаронца Украіны Андрэй Хлыўнюк адмовіўся ад прэстыжнай прэміі Магніцкага.
18.11.2024 / 17:40
Фота: Андрэй Хлыўнюк / Facebook
Хлыўнюк у фэйсбуку падзякаваў заснавальнікам і журы ўплывовай міжнароднай прэміі Магніцкага.
Пры гэтым музыка адзначыў, што не можа прыняць гэтую ўзнагароду побач з іншымі лаўрэатамі, якія не выступаюць за пастаўку Украіне заходняй зброі для абароны ад агрэсара.
«Як бацька дваіх дзяцей, якія жывуць пад ракетнымі ўдарамі, і радавы Сіл абароны Украіны (ударнага падраздзялення БПЛА патрульнай міліцыі Херсона), я не магу атрымаць гэтую ўзнагароду разам з іншымі лаўрэатамі, якія «не ўпэўнены» ў неабходнасці забяспечыць маю краіну заходняй зброяй, жыццёва неабходнай для адпору расійскай агрэсіі», — напісаў ён.
Сярод сёлетніх лаўрэатаў прэміі Магніцкага - удава Аляксея Навальнага Юлія. Яна атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Мужнасць пад агнём». У канцы кастрычніка ў інтэрв'ю Die Zeit Навальная выказала сумнеў у правільнасці паставак Украіне заходняй зброі, бо «бомбы б'юць і па расейцам».
Прэмія Магніцкага была заснавана ў 2015 годзе брытанскім фінансістам і актывістам Уільямам Браўдэрам. Яе ўзнагароджваюць за журналісцкія расследаванні і барацьбу за правы чалавека.