Юлія Чарняўская прэзентавала кнігу паэзіі, напісаную пад хатнім арыштам. Яна прысвяціла яе мужу — Юрыю Зісеру
Пісьменніца, культуролаг і былая палітзняволеная Юлія Чарняўская прэзентавала 17 лістапада ў Варшаве сваю кнігу вершаў «Мир о тебе», створаную пад хатнім арыштам у Менску ў 2021 — 2022 гадах. Паэтычны зборнік аўтарка прысвячае светлай памяці свайго мужа Юрыя Зісера, якога не стала ў 2020-м. Прэзентацыя адбылася ў межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», піша «Белсат».
18.11.2024 / 22:20
Прэзентацыя кнігі вершаў «Мир о тебе» Юліі Чарняўскай у рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Варшава, Польшча, 17 Лістапада 2024 года. Фота: «Белсат»
«Я адчула тады: побач са мной мае сябры і ў мяне ёсць справа»
Па словах Юліі Чарняўскай, ініцыятыва зрабіць кнігу вершаў сыходзіла ад Дзмітрыя Строцава.
«Гэта была Дзімы ініцыятыва. А я вельмі дзякую маім сябрам з самых розных краінаў свету, якія і да гэтага дасылалі мне вершы. Гэтыя вершы мяне вельмі грэлі. Я так разумею, гэта Дзіма ўсіх арганізаваў», — згадвала Юлія Чарняўская.
«Юля апынулася пад хатнім арыштам, без усякага кантакту са знешнім светам. І мы, сябры, хацелі яе падтрымаць. У нейкі момант я падумаў, ці нават адчуў, што недастаткова перадаваць туды толькі цёплыя словы, а можна выдаць кнігу», — успамінае паэт і выдавец Дзмітрый Строцаў.
Сама Юлія распавядае, што спачатку нават не ведала, з чаго пачаць. Бо, як кажа, вершы былі троху «не ў тэму»: «Да вершаў я вельмі рэдка звяртаюся — я пішу прозу і навуковыя рэчы».
«Апрача таго, у мяне ж экспрапрыявалі камп'ютар. Але, аказалася, не забралі мае сшыткі. І я неяк так па-дурацку ўручную запісвала вершы ў сшытак. У мяне гэтыя пяць сшыткаў і зараз ляжаць. Вось над гэтымі вершамі я ўласна і засела тады працаваць», — дзеліцца успамінамі Юлія Чарняўская.
«Словам, я адчула тады, што побач са мной мае сябры. І што ў мяне ёсць справа. І гэта было страшна важна. Справа», — дадае пісьменніца і былая палітзняволеная.
Юлія Чарняўская і выдаўца Дзмітрый Строцаў падчас прэзентацыя кнігі вершаў «Мир о тебе» Юліі Чарняўскай у рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Варшава, Польшча, 17 Лістапада 2024 года. Фота: «Белсат»
Цяпер, з цёплай усмешкай, пісьменніца расказвае, як выбачалася перад Дзмітрыем Строцавым, калі ў студзені 2022 года яе нечакана вызвалілі з-пад хатняга арышту. Кніга была ўжо амаль гатовая, але яшчэ не выдадзеная.
«Мяне выпусцілі, і тут тэлефануе Дзіма, віншуе з тым, што я на свабодзе. А я яму кажу: Дзіма, выбачай, што мяне выпусцілі… Бо ён жа збіраўся выдаваць кнігу «пасаджанага» аўтара», — смяецца аўтарка і кажа, што, канешне ж, гэта быў жарт.
«Я жартую. Але… Я не магу сказаць, што прапанова Дзімы мяне натхніла. Я не чалавек, які ставіць на натхненне. Гэта дало мне працу. Таму што многія тэксты — старыя. Вельмі многія — песенныя. Але вось так: дзякуючы Дзіму Строцаву і маім сябрам гэтая кніга стала магчымай», — гаворыць Юлія Чарняўская.
Юлія Чарняўская падчас прэзентацыя кнігі вершаў «Мир о тебе» у рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Варшава, Польшча, 17 Лістапада 2024 года. Фота: «Белсат»
Памяць пра Зісера
У кнізе «Мир о тебе» — больш за паўсотню вершаў, напісаных Юліяй Чарняўскай у розныя гады. Ёсць і зусім раннія (канец 1970-х), і пазнейшыя, створаныя ў няволі, пад якімі, з прычын бяспекі, не пазначаная дата.
Аўтарка называе свае вершы камернымі і жаночымі («Ні на што іншае я ніколі не прэтэндавала»), але калі чытала выбраныя творы на варшаўскай «Прадмове», спыняўся не толькі фестывальны шолах кніжных старонак, але, здавалася, і стрэлкі на гадзінніку…
«И вмиг хотелось стать немой Среди глухих и равных прочих. А лучше — чтоб остался прочерк На месте том, что было мной…» («Слова»).
Імя Юрыя Зісера — стваральніка «TUT.BY» і мужа Юліі Чарняўскай, падчас прэзентацыі згадвалася толькі некалькі разоў. Бо і не трэба было: ягонай прысутнасцю быў прасякнуты, здавалася, ці не кожны радок паэтычнай кнігі Чарняўскай. Кніга «Мир о тебе» прысвечаная светлай памяці Юрыя Зісера.
Апошні верш кнігі называецца «Трасянка» і амаль напалову складаецца з беларускамоўных радкоў. Сёння Юлія Чарняўская працягвае працаваць са словам і, як прызналася, перакладае на беларускую паэта Яўгена Клюева, робіць таксама пераклады з польскай.