У Гданьску напалі на беларусаў
Беларусы Ілля і Косця (імёны змененыя) прыехалі ў Гданьск па пытаннях бізнэсу. Зайшлі ў кебабную, каб перакусіць, але сталі ахвярамі нападу. Ілля распавёў Most, што здарылася.
19.11.2024 / 13:34
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 12 лістапада. А палове на другую ночы ў рэстаране хуткага харчавання было няшмат — некалькі наведвальнікаў і каля шасці работнікаў. Беларусы замовілі два кебабы і пазнаёміліся з супрацоўнікамі. Тыя аказаліся азербайджанцамі. Скончыўшы познюю вячэру, Ілля і Косця накіраваліся да выхаду, але там іх сустрэў падазроны госць установы.
— Зайшоў лысы чалавек у чорнай куртцы, накшталт скуранкі, ростам каля 180 сантыметраў. Праходзячы міма нас, ён нешта прамармытаў. Я падышоў і ў ветлівай форме перапытаў [па-польску]: «Прабачце, што вы мне сказалі?» — успамінае Ілля.
— А ён мне без папярэджання ўдарыў ілбом у нос. Было бачна, што робіць гэта не першы раз.
Ілля выстаяў, але ў яго пацякла кроў з носа. У адказ малады чалавек адштурхнуў суперніка нагой, а той дастаў нож з кабуры і накіраваўся ў яго бок.
— Нож быў як з фільма «Крык» — выгнуты цясак, сантыметраў 20-30, — апісвае суразмоўца.
«Паспрабаваў адбіцца крэслам»
Пакуль лысы мужчына размахваў нажом, Косця падышоў да яго ззаду, каб стрымаць. Але атрымаў удар рукаяткай нажа ў скронь.
— [Нападнік] працягнуў ісці на мяне з нажом. Я паспрабаваў адбіцца крэслам, але яны ў рэстарацыі былі кароткімі, таму нічога не выйшла, — кажа Ілля. — Тады я крыкнуў сябру, каб той уцякаў. [Палічыў да трох] і ён уцёк. Калі ўбачыў, што сябар у бяспецы, — [кінуў] крэсла ў паляка і таксама пабег.
У выніку ў яго аказалася прарваная куртка.
Ілля адзначае, што ў гэты момант супрацоўнікі рэстарана хаваліся за стойкай. Яму здаецца, што яны нават не спрабавалі выклікаць паліцыю. Гэта яго здзівіла.
Малады чалавек сам працуе ў грамадскім харчаванні і кажа, што, калі б падобная сітуацыя адбылася ў яго установе, супрацоўнікі ўмяшаліся б і выклікалі праваахоўныя органы.
«Паліцэйскія толькі спыталі, у які бок ён пайшоў»
Апынуўшыся на вуліцы, за 10 метраў ад рэстарацыі, Ілля і Косця выклікалі паліцыю: баяліся, што дэбашыр можа напасці на кагосьці яшчэ. Паліцыя прыехала прыкладна праз 10 хвілін.
— Прыехалі маладыя хлопцы. На выгляд гадоў 26. Усміхаліся, лавілі з нас «хі-ха, ха-ха», — успамінае Ілля. — Запісалі выклік. Сфатаграфаваць нас не спрабавалі. Нават не спыталі, як ён (нападнік) выглядаў, — гэта мы ім самі распавялі. Толькі спыталі, у які бок ён пайшоў. Сказалі, што мы можам звярнуцца ў нейкі орган, які займаецца мігрантамі.
Most патэлефанаваў на інфалінію сеткі рэстаранаў, каб даведацца, што здарылася ў ноч на 12 лістапада. Але супрацоўнік, які адказаў на званок, адмовіўся даць інфармацыю, сказаўшы, што не знаходзіўся ў рэстаране 12 лістапада ў раёне дзвюх гадзін ночы. Аднак паколькі ў размове час не называлі, таму можна зрабіць выснову, што супрацоўнікі сеткі ў курсе інцыдэнту. Таксама Most накіраваў пісьмовы запыт з просьбай растлумачыць сітуацыю. Але ў кампаніі адмовіліся ад каментара.