Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і будучы кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года Алег Гайдукевіч робіць выгляд, што дыкпік, апублікаваны ў мінулым годзе ў яго тэлеграм-канале, быў не ягоны. Але не спыніўся на гэтым.

20.11.2024 / 12:12

Год таму ў сумным палітычным жыцці Беларусі здарыўся скандал — у канале Алега Гайдукевіча апублікавалі дыкпік. 

У стужцы, якая ў асноўным складаецца з рэпостаў лукашысцкай прапаганды, было апублікаванае фота эрэгаванага чэлеса. Падобна, з дэпутацкай рукой, як заўважыла «Наша Ніва».

Але за распаўсюд парнаграфіі Гайдукевіча, у адрозненне ад звычайных беларусаў, не прыцягнулі. Палітык растлумачыў усё загадкавым «узломам».

Цяпер выданне «Точка» спытала палітыка, што гэта было. Гайдукевіч у адказ панёс нейкае блытанае глупства:

«Дзе гэта ўсё адбылося? У Польшчы і Літве. На тэрыторыі Беларусі нідзе гэтага не было. Відавочна, хто за гэтым стаіць, каму гэта трэба і хто ўсё гэта арганізаваў».

І тут жа параіў журналістам «рабіць працу больш якасна». Гайдукевіч прапануе знайсці жанчын, якія могуць даць адназначную адзнаку, чыя каштоўнасць на фота.

«Я да гэтага ніякага дачынення не маю. А калі б меў, даўным-даўно ўсё гэта даказалі і паказалі б», — кажа суразмоўца.

Nashaniva.com