У Магілёве гарадскія ўлады праводзяць дзіўны конкурс — хочуць забудаваць жыллём гістарычны цэнтр горада ў абыход закону

На конкурс прымаюць праекты забудовы шматкватэрнымі дамамі гістарычнага цэнтра горада. 

21.11.2024 / 14:55

Даліна Дубравенкі, якую хочуць забудаваць з абодвух бакоў. 

Магілёўскі гарвыканкам апублікаваў на сваім сайце паведамленне пра правядзенне конкурсу на найлепшыя архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі шматкватэрнай жылой забудовы цэнтральнай часткі Магілёва. Праекты будуць прымаць да 30 лістапада. 

Пад архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі шматкватэрнай жылой забудовы адводзяцца два ўчасткі ўздоўж ракі Дубравенкі, прытока Дняпра. Першы абмежаваны вуліцамі Бурдэнкі, Лазарэнкі і Правая Дубравенка. Другі — раёнам праспекта Міру, 1-м Крутым завулкам і вуліцай Левая Дубравенка.

Участак на месцы Віленскага прадмесця ў межах вуліц Бурдэнкі, Лазарэнкі і Правая Дубравенка. Фота: Магілёўскі гарвыканкам

Участак на схіле плато, на якім знаходзіцца гістарычны цэнтр, у межах раёна праспекта Міру, 1-га Крутога завулка і вуліцы Левая Дубравенка. Фота: Магілёўскі гарвыканкам

Пры гэтым ігнаруюцца галоўныя горадабудаўнічыя дакументы, якія вызначаюць развіццё горада. Арганізатары праекта не ўлічваюць генеральны план горада 2003 года і праект зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва і прылеглых тэрыторый, зацверджаны Мінкультуры ўлетку 2023 года.

У генеральным плане Магілёва 2003 года абодва ўчасткі амаль цалкам абазначаны жоўтым колерам, то-бок там пакідаецца існая сядзібная забудова. У сакавіку 2023 года быў зацверджаны новы генеральны план, які чамусьці не згадваецца, у якім ніякіх кардынальных зменаў вакол Дубравенкі не адбылося — па-ранейшаму горадабудаўнікі плануюць захоўваюць гістарычную сядзібную забудову па абодва берагі ракі.

Фрагмент генплана 2023 года. Горадабудаўнікі з Мінска не адмовіліся ад планаў захаваць гістарычную сядзібную забудову ў цэнтры Магілёва. Мясцовым уладам гэта не вельмі падабаецца. 

Згодна з праектам зон аховы большую частку першага ўчастку, для якога ў гарвыканкаме прапануюць сварыць канцэпцыю забудовы, займае Віленскае прадмесце, гістарычны раён Магілёва, які ўзнік уздоўж дарогі на Вільню. Прадмесце падзелена на некалькі зон.

Віленскае прадмесце Магілёва ў пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Каля самай Дубравенкі шырокай паласой, захопліваючы глыбокія яры, праходзіць зона аховы ландшафту, дзе забаронена любое будаўніцтва акрамя рэкрэацыйнага. Астатняя тэрыторыя прадмесця падзелена на дзве зоны, у адной, бліжэй да ракі, забаронена будаваць вышэй за 11 м (прыкладна 3 паверхі), у другой, большай, забаронена будаваць вышэй за 17 м (прыкладна 5 паверхаў). Акрамя ўсяго іншага вялікая частка прадмесця з’яўляецца помнікам археалогіі, што накладае дадатковы абавязкі. 

Фрагмент праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва і прылеглых тэрыторый. Паласатай штрыхоўкай абазначана зона рэгулявання забудовы на тэрыторыі былога Віленскага прадмесця, дзе абмежаванае будаўніцтва, зялёнай штрыхоўкай — зона аховы ландшафту, дзе будаваць увогуле забаронена. 

Прадмесце сёння непрывабнае для забудоўшчыкаў, бо яны лічаць нявыгадным для сябе будаваць ніжэй за 5 паверхаў, а тым больш тут ім трэба займацца зносам існуючай забудовы і прадстаўленнем жытла выселеным жыхарам.

Участак па іншы бок ракі амаль цалкам знаходзіцца ў зоне аховы ландшафту з той жа поўнай забаронай на будаўніцтва. Зрэшты, да прыняцца гэтага дакумента, сюды здолелі ўвапхнуць шматкватэрны дом, зруйнаваўшы для яго стары хлебазавод. Але досвед аказаўся не вельмі ўдалым. Вузкі ўчастак і стромкі схіл плато, на якім стаіць гістарычны цэнтр, моцна абмяжоўвае магчымасці — немагчыма стварыць ні паўнавартасны двор, ні месцы для паркоўкі, а палова кватэр глядзіць у адхон. 

У час залевы ў 2020 годзе двор дома, пабудаванага пад схілам гістарычнага цэнтра, проста занесла зямлёю, нанесенай са схілу. Фота: ЧП Беларусь

Правядзенне конкурсу на забудову гэтых участкаў выглядае вельмі дзіўна і падазрона з улікам ігнаравання амаль поўнай забароны на будаўніцтва, закладзенай генпланам і праектам зона аховы.

Увогуле мясцовыя ўлады надзвычай рэдка праводзяць конкурсы, асабліва з вялікай грашовай прэміяй. Адзіны раз Магілёўскі гарвыканкам праводзіў такі конкурс у 2022 годзе, прапануючы распрацаваць канцэпцыю развіцця гарадской прасторы. Найбольш сваіх «пражэктаў» тады падаў Віталь Рагаўцоў з «Магілёўграмадзянпраекта», вядомы як аўтар праектаў Трыумфальнай аркі на ўездзе з Мінска, музея на Буйніцкім полі ў выглядзе вялікага савецкага ордэна і музея царскай сям’і, для рэалізацыі якога плануюць знесці замчышча і найстарэйшы парк горада.

Тады ж на конкурс выносіўся чарговы праект забудовы левага берага Дубравенкі шматкватэрнымі дамамі і таўнхаўсамі. 

Прапановы забудаваць усе берагі невялікай рачулкі Дубравенкі шматкватэрнымі дамамі з'яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. 

За першае месца тады абяцалі ўзнагароду ў 200 базавых велічынь (6400 рублёў на той час). За перамогу ў сённяшнім конкурсе прапануюць больш сціплую ўзнагароду, 125 базавых велічынь (5000 рублёў) за найлепшую канцэпцыю забудовы Віленскага прадмесця, і 75 базавых (3000 рублёў) за найлепшую канцэпцыю забудовы іншага берага Дубравенкі. Сродкі, вядома, узятыя з бюджэту горада. 

Дом па вуліцы Левая Дубравенка, 32, які ўдалося ўвапхнуць на месца былога хлебазавода. Фота: Wikimedia Commons

Камісія пры выбары пераможцаў будзе глядзець на «магчымасць для рэалізацыі праекта» і «эканамічна абгрунтаваны разлік выдаткаў на рэалізацыю праекта па месцы яго размяшчэння».

Забудоўшчыкі актыўна шукаюць месцы ў Магілёве, дзе можна было б пабудаваць найбольш выгадна чарговы шматпавярховік. У некаторых арганізацыях нават існуе прэмія для супрацоўнікаў, якія змогуць знайсці ў горадзе месца, якое можна ўшчыльніць. Такія дамы найбольш прывабныя — тут няма шуму і бруду будоўляў навокал, усё абжытае, няма праблем з інфраструктурай і транспартам. Але такіх месцаў у горадзе амаль не засталося.

Нягледзячы на тое, што насельніцтва Магілёва змяншаецца, апетыты мясцовых забудоўшчыкаў растуць. 

Цяпер забудоўшчыкі паглядаюць на вялікія масівы сядзібнай забудовы, якія акружаюць гістарычнае ядро горада. Яны прывабныя сваім размяшчэннем недалёка ад цэнтра і наяўнасцю рэкрэацыйных зон, якіх не так шмат у горадзе. Але заціснутасць у прыватным сектары, неабходнасць зносу і кампенсацый жыхарам робіць кропкавую забудову не вельмі выгаднай.

А вось узвядзенне адразу цэлага спальнага раёна з дамамі максімальна магчымай паверхавасці з лішкам кампенсуе выдаткі. Але ўсё гэта забараняюць горадабудаўнічыя дакументы.

Верагодна, магілёўскія ўлады вырашылі дапамагчы будаўнічым горада вырашыць гэтую праблему.

Выглядае так, што гэты конкурс робіцца з канкрэтнай мэтай — атрымаць нейкія прыгожыя карцінкі, з якімі можна будзе хадзіць па міністэрствах і ведамствах і пераконваць змяніць рэгламенты, каб дазволіць будаваць у цэнтры горада.

Дарэвалюцыйны драўляны дом па вуліцы Яцыны з багата дэкараваным франтонам. Вуліца трапляе ў межы ўчастка, які хочуць забудаваць. Фота: Wikimedia Commons

Магілёў мае сваю асаблівую традыцыю драўлянага дойлідства, якая саступае хіба што традыцыі Гомеля. На ўчастках, якіх хочуць забудаваць шматкватэрнымі дамамі, дагэтуль застаецца нямала старых, дарэвалюцыйных драўляных дамоў з багатым дэкорам, але ніводны з іх не ўзяты пад ахову.

Ф. Раўбіч