У Азіі затрымалі былога байца Палка Каліноўскага

Сябры турбуюцца, што яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Украіна ведае пра затрыманне, але незразумела, ці займаюцца іх дыпламаты вызваленнем беларуса.

20.11.2024 / 17:13

Байцы ідуць на заданне. Ілюстрацыйнае фота

Як стала вядома «Нашай Ніве», у адной з паўднёваазіяцкіх краін з тыдзень таму быў затрыманы былы баец Палка Каліноўскага. Імя і краіну не называем дзеля бяспекі.

Саслужыўцам слаба вядомыя абставіны, яны называюць іх цьмянымі. Нібыта ён паспеў адпісацца, што яго затрымліваюць.

Дакладна невядома, ці ён здзяйсняў нейкія злачынствы ці правапарушэнні, або гэта арышт па запыце Беларусі.

Чаму былы баец Палка Каліноўскага ўвогуле апынуўся ў той краіне Азіі? Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз.

Цяпер сітуацыя беларуса складаная. Фактычна адзіная краіна, якая можа «заступіцца» за яго, гэта Беларусь. Але зразумела, які лёс там яго чакае.

З іншага боку, магла б уступіцца Украіна, бо ён мае ўкраінскі вайсковы білет.

Саслужыўцы праінфармавалі нас, што ўкраінскае пасольства ў гэтай азіяцкай краіне ў курсе сітуацыі. Якія захады яны прымаюць і ці прымаюць увогуле — невядома.

Nashaniva.com