«А Пуціну выкажу сваё фэ». У сеціве з'явілася аўдыя размовы Лукашэнкі з Прыгожыным у чэрвені 2023-га
Пацвярджэння сапраўднасці гэтага аўдыя, якое распаўсюджваецца ў расійскіх тэлеграм-каналах, пакуль няма, але паводле зместу размова выглядае верагоднай. Галасы суразмоўцаў таксама падобныя да галасоў Лукашэнкі і Прыгожына.
20.11.2024 / 20:35
На выкладзеным запісе людзі, галасамі падобныя да Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, вядуць размову 24 чэрвеня 2023 года, на заключным этапе прыгожынскага мяцяжу. Яны абмяркоўваюць пытанне заканчэння выступлення вагнераўцаў супраць Крамля і перамяшчэння іх у Беларусь.
Падаем расшыфроўку гэтай размовы:
Жаночы голас (магчыма, Наталля Эйсмант): Алё. Алё.
Прыгожын: Адзін на адзін.
Жаночы голас: Алё.
Прыгожын: Так, добры дзень.
Жаночы голас: Так, добры вечар. Вы ператэлефаноўвалі, так? Хацелі пагаварыць?
Прыгожын: Так, так, так. (Нервова) Не, а што, пагаварыў ён (Маецца на ўвазе Лукашэнка)? Не, не перагаварыў? Не ведаеце?
Жаночы голас: Я зараз перадам трубачку, ён сам скажа.
Прыгожын: Ага.
Лукашэнка: Алё.
Прыгожын: Аляксандр Рыгоравіч!
Лукашэнка: Жэня?
Прыгожын: Так.
Лукашэнка: Значыць, я з ім яшчэ не перагаварыў. Там усе, усё яго атачэнне на вушах. Яны ўжо мяне і просяць, і ўгаворваюць. Ну і ўсё крыху. (Пераймаючы манеру і словы тых, хто «просіць» і «ўгаворвае») І што? Крыху-крыху. Ну пачакайце. (Гаворачы ўжо ад сябе) Ну ты ж ведаеш гэтую сітуацыю. Мы вось зараз, вось зараз, вось крыху. Але наша прэс-служба, ну такое зрабіла, можа быць, і шкоднае для нас паведамленне пра тое, што мы раніцай з прэзідэнтам размаўлялі, дамовіліся, што мы будзем рабіць усё для мірнага вырашэння канфлікту. І я прапанаваў, што я пагавару з Яўгенам Прыгожыным і паспрабую, ну там дамовіцца і гэтак далей.
Прыгожын: Так.
Лукашэнка: Так, мы правялі шэраг, некалькі раўндаў перамоў. І выпрацавалі абсалютна прымальны, прымальны варыянт бяскроўнага вырашэння гэтага пытання. То-бок, ну я ўжо крыху правакаваў расійскі бок. Магчыма, у іх іншыя варыянты, разумееш? Магчыма, замачыць Прыгожына. Варыянт. Магчыма, розныя.
Прыгожын: Не, мачыць Прыгожына… там столькі ж народу таксама загіне, што мама не гаруй!
Лукашэнка: Вось пра гэта і гаворка, пра гэта і гаворка! Бо замачыць то можна, але колькі дзясяткаў тысяч лясне людзей! Так, ці там дзе-небудзь мост якісьці мы закрыем, перакрыем, сустрэнем. Ну, што сустрэнем… гэта ж хто там, ну мінімум расгвардзейцы максімум якіясьці будуць, а астатняе — міліцыя і мабілізаваныя. Гэта ж непадрыхтаваныя людзі! Ну як у 41-ым. Таму нельга на гэта ісці.
Таму вось літаральна праз 15 хвілін Эйсмант рыхтуе заяву ад прэс-службы. Але я думаю, Пуцін падтрымае гэтыя прапановы. Але хачу табе [сказаць], калі гэта будзе ў гэтай сітуацыі больш выгадны варыянт, проста дзейнічаць паводле нашага плану. Прыйсці ў Беларусь і ўсё размесціцца на гэтых палігонах. Я скажу, што дамоўленасці былі, баявое зладжванне, адпачынак і іншае. Ну а Пуціну выкажу сваё фэ.
Прыгожын: І атрымаеце з яго грошы, каб ён аплачваў гэтыя выдаткі, так?
Лукашэнка: Слухай, ну гэта мы вырашым, калі нават ён з глузду з’едзе і не дасць грошай.
Прыгожын: (нервова жартуючы) Хай палякі плацяць, каб [мы] не сунуліся да іх!
Лукашэнка падхапіў жарт: Магчыма, і гэта. (Сур’ёзным тонам) Гэта мы дамовімся. Ёсць праблема, але невялікая. Ну, далей будзем працаваць…
На гэтым аўдыёзапіс спыняецца.
Раней Лукашэнка адразу пасля заканчэння мяцяжу, 27 чэрвеня 2023 года, сам расказаў пра перамовы з Прыгожыным. Паводле яго, яны былі вельмі рэзкімі:
«Размаўлялі першы раўнд хвілін з 30 на мацернай мове. Выключна. Слоў мацерных (я потым ужо прааналізаваў) было ў 10 разоў больш, чым нармальнай лексікі».
З гэтага аўдыя, праўда, гэтага не відаць, абодва суразмоўцы размаўляюць даволі спакойна і без ужывання ненарматыўнай лексікі. Праўда, Лукашэнка тады казаў пра ранішнюю размову, а гэтая, мусіць, адбылася пазней.
Нямецкая разведка праслухоўвала Прыгожына і Лукашэнку падчас бунту ў Расіі — медыя
У Белым доме пракаментавалі, ці быў мяцеж «Вагнера» толькі прыкрыццём для яго пераезду ў Беларусь